Эўразьвяз аштрафаваў Google на рэкордныя $5 млрд

Эўразьвяз аштрафаваў кампанію Google на $5 мільярдаў за парушэньне антыманапольнага заканадаўства. З дапамогай апэрацыйных сыстэм Android кампанія выціскала канкурэнтаў, адразу ўсталёўваючы туды ўласныя праграмы.

У Google ёсьць 90 дзён на тое, каб спыніць гэтую практыку, інакш на кампанію могуць накласьці дадатковы штраф у памеры да 5% ад сусьветнага абароту Alphabet, мацярынскай кампаніі Google.

Google адмаўляе абвінавачваньні і абяцае абскардзіць штраф.

У 2017 годзе антыманапольныя рэгулятары Эўрапейскага Зьвязу ўжо штрафавалі Google на $2,4 мільярда. Тады гэты штраф таксама быў рэкордным. Два гады таму кампанію абвінавацілі ў маніпуляцыі вынікамі пошуку на карысьць свайго сэрвісу электроннай камэрцыі Google Shopping.