Расею абавязалі выплаціць 2,5 млн эўра малдаўскім фэрмэрам

Эўрапейскі суд па правах чалавека (ЭСПЧ) прызнаў Расею «вінаватай у парушэньні правоў на ўласнасьць 1646 фэрмэраў і трох сельскагаспадарчых кампаній, якім прыднястроўскія ўлады абмежавалі доступ да іх земляў».

Паводле праваабарончай арганізацыі Promo-LEX, якая рэпрэзэнтавала ў ЭСПЧ інтарэсы пацярпелых фэрмэраў, расейскі ўрад абавязалі выплаціць па 1500 эўра кожнаму фэрмэру і па 5 тысяч эўра — кожнай сельгаскампаній. Асобна Расея павінна кампэнсаваць матэрыяльную шкоду кампаніям Agro-Tiras (на суму 115,300 эўра), Agro-SAVVA (80,500 эўра) і сялянскай гаспадарцы «Сяргей Попа» (50 тысяч эўра).

Рашэньне ЭСПЧ у дачыненьні да Расеі вынесена на падставе таго, што па выпадках парушэньня правоў чалавека і ўласнасьці суд ня можа заклікаць да адказу непрызнанае сэпаратысцкае ўтварэньне. Суд палічыў, што паколькі Расея аказвае эканамічную, палітычную і вайсковую дапамогі Прыднястроўю, менавіта яна вінаватая ў парушэньні правоў пазоўнікаў.

Праблемы ў малдаўскіх фэрмэраў паўсталі з 1999 году, калі ўлады Прыднястроўя пачалі перашкаджаць сялянам у апрацоўцы земляў, якія знаходзяцца за трасай Ціраспаль — Рыбніца. Іх прымушалі плаціць падаткі і пошліны на ўраджай. У выніку многія адмовіліся ад апрацоўкі земляў.