«Алмаз» вызваліў закладніцу ў аддзяленьні банку ў Заслаўі. Нападнік «ліквідаваны», піша БелТА са спасылкай на кіраўніка МУС Ігара Шуневіча.
Удзень 18 ліпеня 46-гадовы Сяргей К. узяў у закладніцы дзяўчыну 1995 году нараджэньня, паведаміў карэспандэнт Свабоды зь месца здарэньня. Пазьней Сьледчы камітэт паведаміў, што закладніцай была дачка нападніка.
Заведзена крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 291 КК «Захоп закладніка».
Апэрацыю па вызваленьні ўзначаліў міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч, паведамілі ў МУС.
«У аддзяленьні Белінвэстбанку ў горадзе Заслаўе злачынца, узброены нажом, захапіў у закладнікі дзяўчыну. Цягам больш як дзьвюх гадзінаў мы вялі зь ім перамовы. Ён паводзіў сябе неадэкватна, адмаўляўся скласьці зброю і адпусьціць закладніка, пагражаў», — цытуе Шуневіча БелТА.
Паводле Шуневіча, захопнікам быў двойчы судзімы за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы жыхар Заслаўя.
У выніку спэцапэрацыі закладніца не пацярпела. Паводле папярэдніх зьвестак, яна цяжарная, сказаў Шуневіч.
Дзьве вэрсіі прычынаў здарэньня
Паводле мясцовага жыхара Аляксандра, Сяргей К. прыйшоў у банк з дачкой, каб узяць крэдыт ці аформіць нерухомасьць, і ў іх пачаўся канфлікт.
«Ён быў не зусім у адэкваце, зь ім мы мала кантактавалі», — сказаў Аляксандар.
Жыхарка Заслаўя кажа, што гэта дачка Сяргея К. прыйшла ў банк браць крэдыт для свайго знаёмага, а бацька быў супраць, прыбег за ёй і прыставіў ёй нож да горла.
Захоп закладнікаў у Магілёве
Летась у лістападзе у Магілёве грамадзянін Расеі узяў у закладнікі 8 наведнікаў і 6 працаўнікоў банку. Падчас апэрацыі вызваленьня закладнікаў адбылася перастрэлка захопніка зь міліцыяй.
28-гадоваму мужчыну выставілі абвінавачаньне ў разбоі (ч.3 арт. 207 КК) і захопе закладнікаў з карысьлівых мэтаў (ч. 2 арт. 291 КК). Яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 6 да 15 гадоў.