Помнік будуюць даўжэй, чым ваявалі. У Смаргонях работы на мэмарыяле ахвярам Першай сусьветнай вайны замарозілі

Недабудаваны мэмарыял памяці герояў і ахвяраў Першай сусьветнай вайны ў Смаргонях рызыкуе ператварыцца ў руіну

Мэмарыяльны комплекс, які зьбіраліся ўзьвесьці да 100-годзьдзя ад пачатку Першай сусьветнай вайны (1914–1918), не здадуць і на 100 гадоў яе заканчэньня.

Да 100-годзьдзя пачатку Першай сусьветнай вайны (1 жніўня 2014 году) у Смаргонях за сродкі так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі ўзяліся закладаць парк Перамогі. Пазьней, пасьля грамадзкай крытыкі за ідэалягічную аднабокасьць, упор на перамогу аднаго боку, а не на замірэньне абодвух, канцэпцыю зьмянілі — замест парка Перамогі будзе алея Памяці. Смаргоні — адзіны горад, які ў тагачасную кампанію трымаў абарону больш за 800 дзён, тут палеглі дзясяткі тысяч салдат і афіцэраў армій Расейскай і Германскай імпэрый.

Мэмарыял-даўгабуд

Здаць мэмарыял да акрэсьленага тэрміну не пасьпелі. 4 гады таму ўрадавыя дэлегацыі з Масквы і Менску на чале зь дзяржсакратаром саюзу Расеі і Беларусі Рыгорам Рапотам, тагачасным віцэ-прэм’ерам Анатолем Тозікам, амбасадарамі, сьвятарамі ды іншымі ганаровымі гасьцямі тупалі паміж будаўнічага друзу і ўскладалі кветкі да скульптураў, зь якіх тырчэла арматура.

Стылізаваная капліца з георгіеўскім крыжам

Спачатку здачу мэмарыялу адклалі да стагодзьдзя пачатку абароны гораду ў верасьні 1915-га, а потым, калі і тое не ўдалося, — на стагодзьдзе заканчэньня вайны, што будзе адзначацца сёлета ў лістападзе.

Аднак пасьля 1 жніўня 2014-га будаўнічых работ на аб’екце фактычна не назіралася. Так званая Саюзная дзяржава дыстанцыявалася, заявіўшы, што больш за паўмільёна даляраў на пачатковым этапе — цалкам дастатковы ўнёсак, а ўсё астатняе ўжо клопат беларускага боку. Абласны і раённы бюджэты на мэмарыял грошай ня маюць.

Сьцены памяці дагэтуль не аформленыя

На сёньня дамінантная скульптура «Крылаты геній салдацкай славы», а таксама помнікі «Салдаты Першай сусьветнай» і «Ўцекачы» стаяць на бэтонных пастамэнтах без гранітнага аздабленьня. Пляц каля іх зацэмэнтаваны, але бяз пліткі. У «зоне смутку» капліца ў праваслаўным стылі стаіць пасярод жвіру, паўкруглыя Сьцены памяці нетынкаваныя, паўсюль праводка для будучага падсьвятленьня.

Адпачатку меркавалася, што напаміны пра трагічныя падзеі паўстануць і ў іншых месцах Смаргоняў, аднак там работы і не пачыналіся. Гэта тычыцца памятных знакаў па лініі супрацьстаяньня і бронзавага помніка «Праклён вайне» ўздоўж шашы Менск — Вільня.

Нерэалізаваны генплян мэмарыялізацыі

«Вельмі балючая для мяне тэма, — прызнаецца адзін з аўтараў мэмарыялу, скульптар Анатоль Арцімовіч. — Нашы ўлады за прамінулыя 4 гады нічога не зрабілі, нават пальцам аб палец ня ўдарылі. Дык што, зноў зьвяртацца да кіраўніцтва Саюзнай дзяржавы? Можа і дапамогуць, але, як на маю думку, сытуацыя выглядае проста непрыстойна. Думаеце, наверсе пра даўгабуд ня ведаюць? Перакананы, што і прэзыдэнт у курсе, і ўрад — ставілі ж у Мінкульце галачку, калі адкрывалі. Дык чаму ж ня робяць?»

Скульптары-спонсары

Іншы ўдзельнік аўтарскага калектыву — скульптар Уладзімер Церабун, сам родам са Смаргоні. Апошнія гады прысьвяціў ліставаньню з зацікаўленымі структурамі. Аднак плёну пакуль ніякага — далей за абяцанкі справа не ідзе.

Пастамэнты засталіся як пасьля зьнятай апалубкі

«Насамрэч гэта ня я мушу прасіць, а дзяржава павінна патрабаваць выкананьня задачаў, — кажа Ўладзімер Церабун. — На маю думку, праект комплексу досыць удалы, ён добра стартаваў і быў разьлічаны на большы маштаб, проста яшчэ ня ўсё давялі да ладу. Мы настройваліся на другую чаргу. Але пра які працяг можа ісьці гаворка, калі не завершаная нават першая чарга?»

Некаторыя працы аўтарам смаргонскага мэмарыялу не аплацілі дагэтуль, давялося нават укладаць уласныя сродкі. Паводле скульптара Арцімовіча, у бюджэце не было грошай, каб паставіць помнікі — за ўласны кошт рабілі мантаж, плацілі рабочым. У адсутнасьць фінансаваньня пагашэньня запазычанасьці ў бліжэйшай пэрспэктыве нават не праглядаецца.

Мапа ваенных дзеяньняў узвышаецца над будаўнічым жвірам

«Я ніколі не лямантаваў, бо шмат зрабіў з уласнага душэўнага памкненьня, амаль задарма, — кажа Анатоль Арцімовіч. — Зьвяртаўся да людзей, якія аплочвалі ліцьцё, фармаваньне, іншыя працэсы, а як аўтар не атрымліваў. Ну вось стаяць і Рагнеда, і Эўфрасіньня. І нават Дом мадэляў зроблены таму, што пры канцы працаваў не як мастак, а як рабочы. Ну, і меў як рабочы...

Я рады, што за сваё жыцьцё нешта зрабіў, але праўда і тое, што з ахвярамі. Вядома, усьцешаны і мэмарыялам у Смаргонях. Зь іншага боку, каб архітэктара прымусілі за свой кошт і сваімі сіламі рабіць 9-павярховы дом, ці ёсьць недзе такое? Чаму тады гэта нармальна ў дачыненьні да скульптара?»

Георгіеўскі крыж на ўваходзе ў комплекс

Замарожаны даўгабуд так і ня стаў месцам, прыцягальным для турыстаў — у раённых уладаў на гэта былі вялікія спадзяваньні. Дый на што глядзець? На сьценах памяці няма абяцаных надпісаў, пастамэнты са скульптурамі не абліцаваныя, дарожкі забрукаваныя фрагмэнтарна, пад гранітнай плітой на ўваходзе — белыя падцёкі.

Раз-пораз даводзіцца замаўляць новыя пазалочаныя літары, якія зламысьнікі адкалупваюць і здаюць у пункты прыёму каляровага лому. Выразна праглядаецца хіба што георгіеўскі крыж на ўваходзе ў комплекс, выкладзены з каляровай пліткі.

Фінансавае марнатраўства

Тым часам мясцовыя краязнаўцы сыходзяцца на думцы, што ўкладаньне вялізных сродкаў у маштабны мэмарыял — фінансавае марнатраўства. Вакол Смаргоні мноства неідэнтыфікаваных пахаваньняў, якія трэба прывесьці ў належны стан, але выдаткі на гэтыя мэты не прадугледжаныя.

Надпісы на бронзавых «блінах» — толькі па-расейску

Нават расейскімі магіламі заняліся параўнальна нядаўна, дый тое збольшага высілкамі мастака Барыса Цітовіча, які зьехаў зь Менску і атабарыўся пад Вілейкай. Цяпер аднаўляе зьвесткі пра вайскоўцаў расейскай царскай арміі, ставіць крыжы і ладзіць «аўтапрабегі памяці». А вось дабрачынныя фонды зь Нямеччыны сваімі загінулымі апякуюцца ўзорна, большая частка пахаваньняў дагледжаныя і пэрсаніфікаваныя.

Ад Крэва да Смаргоняў і ў другі бок, да Нарачы, стаяць сотні нямецкіх дотаў. Бальшыня зь іх у добрым стане, пасьля мінімальнага ўпарадкаваньня яны маглі б стаць ня толькі напамінам пра падзеі 100-гадовай даўнасьці, але і пунктамі турыстычнага маршруту, цікавага ў тым ліку для нашчадкаў нямецкіх салдатаў і афіцэраў.

Але бэтонныя ўмацаваньні ператвораныя не ў экспанаты, а ў сьметнікі. У рысе гораду некаторыя сталі бясплатным падмуркам для катэджаў, у вёсках дзе-нідзе іх прыстасавалі пад сховішчы. Усё больш зарастаюць лясныя штабы, дарогу да якіх ведаюць хіба што «чорныя капальнікі».

Падчас Першай сусьветнай вайны праз тэрыторыю Беларусі праходзіў Заходні фронт, галоўны «шчыт» царскай Расеі супроць Нямеччыны. Гэта быў самы магутны і насычаны войскамі ўчастак — 1,5 мільёна чалавек. Паводле гістарычных зьвестак, больш за 800 тысяч жыхароў беларускіх губэрняў былі мабілізаваныя ў расейскую армію, 70 тысяч загінулі за цара (для параўнаньня, за ўсю руска-японскую вайну 1904–1905 гадоў Расея страціла забітымі 30 тысяч чалавек).

Раз-пораз зламысьнікі адкалупваюць залатыя літары

Практычна палова Беларусі апынулася пад германскай акупацыяй, іншая частка стала прыфрантавой зонай. У ваеннае ліхалецьце загінулі блізу 60 тысяч мірных жыхароў, звыш 2,2 мільёна былі прымусова выгнаныя ў расейскі тыл, бальшыня там і засталіся. Часта не было куды і вяртацца: падчас адступленьня расейская армія выкарыстоўвала тактыку «выпаленай зямлі», бяз жалю палячы цэлыя вёскі, руйнуючы масты і заводы.

Пакуты беларусаў падчас «бежанства» 1915–1922 гадоў

Рэдкія наведнікі замарожанага мэмарыялу