Турма, мужчына і жанчына. Зона талентаў

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшла кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». Публікуем фрагмэнты гэтай кнігі. Сёньня разьдзел «Зона талентаў»: Пісьменьнік-афэрыст Генадзь Паркін. «Я і наш абраны — мы нечым падобныя». Аўтабіяграфічная авантурная аповесьць «Куля з Ваганькава». Фальшываманэтчыкі. Уладзіслаў Ліпскі.


Замовіць дркукаваную кнігу можна ТУТ.

Кажуць, таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім. Таму ня дзіўна, што крымінальныя таленты адкрываюць у сабе за кратамі розныя творчыя здольнасьці.

Пісьменьнік-афэрыст Генадзь Паркін

Ва ўступах да кніг з дэтэктыўнымі раманамі менчука Генадзя Паркіна ад выдаўцоў можна прачытаць, што сама біяграфія гэтага аўтара нагадвае дэтэктыў. Мабыць, таму, што многія сюжэты ягоных твораў аўтабіяграфічныя. Пісаць Генадзь Паркін пачаў за кратамі, калі ў 1990-я адседжваў за махлярства трэці па ліку пятнаццацігадовы тэрмін у калёніі асаблівага рэжыму ў Глыбокім. Невыпадкова, што апавяданьне ў ягоных кнігах вядзецца не ад асобы сьледчага або журналіста, а ад асобы злачынца.

Паркін любіць параўноўваць сябе з О. Генры. Як і ягоны ўлюбёны амэрыканскі пісьменьнік, ён таксама пачаў пісаць у 37 гадоў, таксама ва ўмовах няволі. Таксама як О. Генры, і Паркін да сваіх пасадак быў бухгальтарам. Першы раман менчука «Куля з Ваганькава» заснаваны на рэальных фактах. Наступныя кнігі — «Схаваны ўдар», «Падарваць Калінінград», «Стральба па жывёлінах».

Гэтаксама як і О. Генры, Паркін памёр даволі маладым, крыху за сорак.

Генадзь Паркін валодаў некалькімі «бяскроўнымі» крымінальнымі прафэсіямі, якія патрабавалі найвышэйшага пілятажу ды артыстызму. Ён быў «каталам» — картачным шулерам, «кукальнікам» — махляром, які падсоўваў замест грошай «куклу» (пачак нарэзанай паперы), «кідалам» — дзякуючы галоўным чынам прыроднаму абаяньню, пасьпяхова вымагаў у самых розных людзей немалыя грошы.

Ад кінадакумэнталіста

Ашуканца Паркіна добра ведаў карэнны мянчук, кінадакумэнталіст Леанід Міндлін. Паводле яго, гэта быў вядомы пэрсанаж, які паміж сваімі адседкамі ў пэрыяд 1970–1990-х круціўся ў цэнтры беларускай сталіцы:


— Ён быў маладзейшы за мяне недзе гадоў на 10. Трэба было бачыць таго хлопца. У яго былі вялікія блакітныя вочы, пульхныя вусны. Давер да яго зьяўляўся адразу. Ну як такі чалавек можа падмануць? Я ведаў, што Гена — афэрыст і што ў яго было некалькі «ходак» за махлярства. З майго гледзішча, афэрыст — гэта тры ў адным: сцэнарыст, рэжысэр, актор. Усё гэта ў ім сумяшчалася. Аднак, як высьветлілася потым, ён яшчэ і літаратар. Пачаў пісаць менавіта на зоне. Гады за тры Паркін напісаў у вязьніцы дзесяць баевікоў, якія потым выйшлі ў розных выдавецтвах. У сваіх кнігах ён адчуваў сябе абсалютна вольным чалавекам.

Паркін памёр у канцы 1990-х ад невылечнай хваробы крыві. Незадоўга да яго сьмерці, калі ён толькі выйшаў на волю, Леанід Міндлін вырашыў зрабіць фільм пра яго. Урыўкі зь некаторых зазьнятых інтэрвію Паркіна Леанід дазволіў выкарыстаць у праграме «Свабода ў турмах» ды ўключыць у гэтую кніжку.

«Я і наш абраны — мы нечым падобныя»

На відэа Паркін свабодна глядзіць у відэакамэру, шчыра ўсьміхаецца, трымаецца вельмі натуральна, безь ніякай заціснутасьці.

Ад Генадзя Паркіна

— Маё пісьменьніцтва пачалося з таго, што было моцнае жаданьне выжыць. Грошы, якія былі — а я сядзеў за махлярства, хоць шмат чаго было не даказана — грошы былі, але... зьберагчы тую суму я ня змог, усё паляцела, і я застаўся голы ды босы. Гады два правёў на зоне па інэрцыі. Потым зразумеў, што далей так нельга. Заставалася або гуляць у карты, або заняцца літаратурнай дзейнасьцю, пісаць кнігі.
Я пачаў трэніравацца на лістах у розныя арганізацыі. Першым быў ліст у амбасаду ЗША ў Менску. У 1992 годзе нібыта скончыўся камунізм, пайшла расслабуха, усе пачалі сябраваць паміж сабой. Паколькі я ня ведаў ангельскай мовы, я зьвярнуўся да дарадцы па культуры амэрыканскай амбасады, каб хто-небудзь у іх пераклаў маё пасланьне да вязьняў амэрыканскай турмы і адаслаў яго далей па адрасе. Гэта была турма Сінг-Сінг, з максымальна строгім рэжымам. Наша калёнія тады таксама мела самы жорсткі асабівы рэжым.

Я пісаў: хлопцы, вы там у сябе чаліцеся, і мы тут чалімся. Вы крыху багацейшыя за нас, што натуральна. Гэта тое самае, што ў перасыльнай турме, калі побач дзьве камэры. У адной сядзельцы сядзяць даўно, атрымліваюць перадачы ды ўсё маюць. У другой камэры, якая транзытам ідзе, людзі нічога ня маюць, галодныя, падзяліцца зь імі — сьвятая справа. Я ў двух словах апісаў наша жыцьцё. Што мы курым, што ямо. Прасіў пра драбязу: скінуцца па пары даляраў ды даслаць пару пасылак.

Ліст у амбасаду быў накіраваны праз надзейныя крыніцы. І я ўпэўнены, калі б той дарадца атрымаў яго, ён бы сам даслаў нам у Глыбокае прынамсі цыгарэты. Аднак рэакцыі не было аніякай. Хутчэй за ўсё, той ліст не прапусьцілі амэрыканскія ахоўнікі зь меркаваньняў бясьпекі. Бо я магу пераканаць чалавека, што тое і тое зрабіць трэба, прычым так, што ён сам захоча зрабіць гэта...

Ніякіх наступстваў за той ліст з боку адміністрацыі Глыбоцкай калёніі не было. Затое былі наступствы ў сувязі з наступным лістом — да Паўла Якубовіча. Ён лічыўся тады журналістам № 1 у Беларусі, гэта быў час, калі абралі нашага ўсенароднага... І я напісаў Пашу па старой дружбе, не разьлічваючы на нейкую публікацыю. Гэта быў проста сьцябок. Я пісаў штосьці кшталту, што я, Генадзь Паркін, і наш абраны — мы нечым падобныя. Напрыклад, яго папулізм і маё махлярства, мы маем аднолькавыя тэрміны — па пяць гадоў. Ну, і дадаў некаторыя іншыя падабенствы.

Атрымаўся прыкольны ліст. Да Якубовіча, упэўнены, ён дайшоў. Апэрчастка за гэта мяне тузанула. Ну, а потым я з газэты атрымаў вельмі такі гнеўны водгук.

Але вось так з тых лістоў усё пачалося. Стаў пісаць маленькія апавяданьні. Пачалі плаціць. Прычым плацілі пераважна бульварныя выданьні, а дзяржаўныя, куды я накіроўваў нешта лепшае, нічога не плацілі. Першую сваю аповесьць я пачаў пісаць як апавяданьне. Пра Ваганькаўскія могілкі ў Маскве, дзе мне давялося крыху папрацаваць.

Аўтар бэстсэлераў і афэрыст Генадзь Паркін, стоп-кадры з дакумэнтальнага фільму Леаніда Міндліна

Аўтабіяграфічная авантурная аповесьць «Куля з Ваганькава»

Першая, амаль аўтабіяграфічная авантурная аповесьць Генадзя Паркіна «Куля з Ваганькава» зьявілася ў друку, калі яе аўтар яшчэ быў у калёніі. Праз кароткі час — гэта было ў 1996-м — ён выйшаў на волю. Тады ў Леаніда Міндліна і зьявілася ідэя зьняць фільм пра гэтага чалавека.

— Калізія ягонага жыцьця была вельмі цікавай. Мы зьнялі 2/3 матэрыялу, але ён нечакана зьнік. Потым раптам празь нейкі час патэлефанаваў, што едзе ў Менск зь Піцеру, каб мы сустрэлі яго на вакзале. За свае апавяданьні ён атрымаў ад выдавецтва недзе 10 тысяч даляраў. Зь цягніка выйшаў увесь абарваны, пабіты. Расказаў нейкую байку. Здымаць яго ў тым стане было нельга. А мы так хацелі павезьці яго ў Глыбокае, была адна пастановачная ідэя. Мы дамовіліся пачакаць, калі Гена адновіцца і прыйдзе ў сябе. Аднак ён зьнік ізноў. Празь нейкі час я даведаўся, што ў Гены невылечная хвароба крыві. А хутка яго ня стала. Такі лёс.

— Калі чалавек, так бы мовіць, мог «разьвесьці» любога, ці не было такога адчуваньня, што такое элемэнтарна можа здарыцца і з вамі?

Леанід Міндлін

— Тое, што ад Гены можна было чакаць усяго — гэта пэўна. У нас былі здымкі ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках. Гена купіў букет гвазьдзікоў. Сьпярша паклаў дзьве кветкі на магілку, дзе была пахаваная Сонька Залатая Ручка. Выпіў з фляжкі каньяку. Пайшоў далей. У другой магілцы была пахаваная артыстка Зоя Фёдарава. Ізноў паклаў два гвазьдзікі, выпіў каньяку і сказаў: вось гэтыя дзьве жанчыны адыгралі ў маім жыцьці фатальную ролю. Дзякуючы вобразу першай я прыйшоў у прафэсію. Праз другую мяне ледзь не «замачылі», але ад гэтага я набыў іншую прафэсію.

Потым Гена на разьвітаньне запрасіў мяне і апэратара адзначыць нашу працу ў рэстаранчык. Быў такі «У Тыграныча» ля Беларускага вакзалу. Гена папярэдзіў, што плаціць будзе ён. Дастаў салідны пачак банкнотаў. Потым высьветлілася, што гэта была так званая «кукла». Калі я спытаўся ў Гены: ну чаму? Ён адказаў: прабач, спрацаваў рэфлекс.

Махляры — гэта асаблівы род крыміналітэту. Некалькі гадоў я езьдзіў на поўнач СССР. Там працавала шмат тых, хто сядзеў у лягерах. Яны жывуць паводле сваёй этыкі, «паняцьцяў». Тое, што належыць тым, хто ўваходзіць у іхнюю карпарацыю, — гэта сьвятое. З астатнімі можна рабіць усё што заўгодна.

Фальшываманэтчыкі

Да «зладзейскай арыстакратыі», якая ўжо адыходзіць, належаць і фальшываманэтчыкі. Здаўна гэтая крымінальная прафэсія лічыцца адной з самых ювэлірных. Справа патрабуе і таленту, і вялікіх ведаў, у тым ліку навуковых. Сёньня, калі ў асноўным разьлічваюцца карткамі, на зьмену фальшываманэтчыкам прыходзяць кібэрзлачынцы. Гісторыя колішніх найбольш крэатыўных ашуканцаў усё больш становіцца здабыткам розных спэцархіваў ды музэяў.

Фальшывыя купюры. Ілюстрацыйнае фота

А за савецкім часам, калі не было кампутараў, прадпрымальнікі-злачынцы, паводле розных сьведчаньняў, праводзілі доўгія месяцы ў найлепшых сталічных бібліятэках — у тым ліку ў маскоўскай «ленінцы» — каб дасканала вывучыць нюансы паліграфічных працэсаў. Здавалася б, цяпер, пры разнастайнай кампутарнай тэхніцы падрабляць грошы стала прасьцей. Але гэта памылковая думка. Для абароны грашовых знакаў выкарыстоўваецца мноства найноўшых тэхналёгій, так што банкаматы ды сартавальныя машыны могуць адсейваць фальшыўкі па розных прыкметах.

Ад літаратара

Былы палітвязень, асуджаны за ўдзел у акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, літаратар Аляксандар Фядута, прыводзіць прыклады фальшываманэтніцтва з больш далёкай гісторыі.

— Я шмат працаваў у гістарычных і літаратурных архівах. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ляжыць справа махляра па прозьвішчы Цэйсік. Вельмі вядомая была асоба. Ён падрабляў купюры: так маляваў, што іх нельга было адрозьніць ад сапраўдных. Яго пасадзілі ў рэшце рэшт. А калі ў Менск прыехаў імпэратар Аляксандар І, ён вырабіў для імпэратара падарунак — такі прыгожы, што той вельмі расчуліўся. Тым больш, што гэта зрабіў чалавек, які знаходзіўся ў няволі. Але прысуд быў прысудам, і нават імпэратар не наважыўся яго адмяніць. Але калі той Цэйсік паехаў у Сыбір, там было крыху лагадней для яго.

Аляксандар Фядута гутарыць з журналістам

У Дзяржбанк яго, зразумела, не ўзялі б працаваць, але быць настаўнікам маляваньня ён бы мог. Тым больш, наколькі я памятаю, ён быў вучнем знакамітага віленскага жывапісца Яна Рустэма.

Уладзіслаў Ліпскі

Пра крымінальны талент беларуса Ўладзіслава Ліпскага я пачула ў сярэдзіне 2000-х ад калегі з Вerliner Zeitung — нямецкага журналіста Мартына Клесмана (Martin Klesmann). Ён тады асьвятляў для свайго выданьня судовы працэс над міжнароднай злачыннай групоўкай, якая дзейнічала на тэрыторыі Нямеччыны і галоўным героем у якой быў наш зямляк.

Уладзіславу на той момант было 33. Ён меў беларускі ўнівэрсытэцкі дыплём хіміка-тэхноляга, і суд прызнаў яго «тэхнічным мозгам» групы фальшываманэтчыкаў. Крымінальны талент Ліпскага, чые вырабы нямецкія крымінолягі назвалі хіба не найлепшымі падробкамі эўра за ўсю гісторыю гэтай валюты, быў абсалютна выпадкова выкрыты ў 2005 годзе ў Патсдаме. Мясцовы пэнсіянэр паведаміў у паліцыю, што побач зь ягоным домам у старой аранжарэі нелегальна вырошчваюць каноплі. Акрамя наркотыкаў, паліцыянты выявілі і вытворчасьць дасканала фальшаваных 50-эўравых купюраў. Затрыманы Ліпскі і на допытах, і на працэсе сьцьвярджаў, што трапіў у Нямеччыну паводле заданьня КДБ і што ягонай задачай нібыта было ўкараніцца ў банды фальшываманэтчыкаў з постсавецкіх краін і прасачыць, як банкноты трапляюць у Беларусь.

Ад нямецкага журналіста

Тады, падчас працэсу, Клесман хацеў пагутарыць зь Ліпскім. Але не ўдалося.


— На жаль, я ня мог зь ім размаўляць, калі наведваў турму, бачыў яго на працэсе. У яго была вельмі моцная ахова, прычым узброеная. Недзе чатыры чалавекі. Калі я ўпершыню пачуў на працэсе яго паказаньні адносна таго, што ён мусіў выконваць даручэньні КДБ, я ў гэта не паверыў. Але потым былі паказаньні яго хаўрусьніка, які вучыўся ў Менску. Зразумела, што суд правёў вельмі грунтоўную экспэртызу. Выснова была такая: кантакты з КДБ у Ліпскага мусілі быць. З боку нямецкай пракуратуры быў накіраваны запыт у адпаведныя беларускія структуры наконт супрацы абвінавачанага зь дзяржбясьпекай. Атрымалі адказ: гэты чалавек КДБ невядомы, аднак, згодна з прыкладзенай даведкай ваенкамату, Ліпскі свайго часу быў адхілены ад службы ў войску ў сувязі з шызафрэніяй. У сваю чаргу, нямецкія адмыслоўцы-псыхіятры вельмі грунтоўна праверылі беларуса. Паводле іх вэрдыкту, ніякай шызафрэніі ў гэтага чалавека не было і дадзеныя беларускага боку абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасьці.


Зробленыя беларусам эўра некалькі гадоў хадзілі як у Нямеччыне, так і ў іншых краінах ЭЗ. Прадстаўнік Bundesbank, які тады прысутнічаў на працэсе і даваў свае тлумачэньні судзьдзям, назваў падробкі бездакорнымі. Журналіст Клесман таксама гутарыў з экспэртам, і той сказаў не для прэсы, што больш чым уражаны якасьцю фальшывых купюраў.

На пытаньне, які вэрдыкт чакае Ліпскага, Клесман тады адказаў:

— Наколькі я ведаю, такія людзі атрымліваюць новую ідэнтыфікацыю. Гэта зьвязана з пагрозай для ягонага жыцьця, і зразумела, ня з боку нямецкіх спэцслужбаў. Размова ідзе пра спэцыяльную праграму абароны, якую звычайна ажыцьцяўляюць кампэтэнтныя структуры. Чалавек у выніку атрымлівае новую легенду, імя, біяграфію, новы пашпарт, новую зьнешнасьць, новае месца жыхарства і жыве пад прыкрыцьцём нямецкай крымінальнай паліцыі і спэцслужбаў.

Што цяпер з нашым былым земляком — невядома.

Папярэднія публікацыі

Моўная зона. Мат і «феня»

Моўная зона. Мова турмы — расейская

Зона сустрэч: пра «гэта» і ня толькі

Зона сустрэч: раманы і спатканьні

Агентурная зона

Зона Х. Пажыцьцёвае

Зона Х. Расстраляныя і нерасстраляныя

Зона падтрымкі

Наркаманская зона

Палітзона

Зона хвароб. Турэмная псыхіятрыя

Зона хвароб. Гінэкалёгія, інваліднасьць, сьмяротнасьць

Зона хвароб. Тэрапія, хірургія, стаматалёгія

Штрафная зона

Прамзона

Жылая зона

Дзіцячая зона

Жаночая зона

Мужчынская зона