Белстат: рэальныя даходы беларусаў працягваюць расьці

Паводле зьвестак Белстату, у студзені-траўні 2018 году рэальныя даходы беларусаў павялічыліся на 7,7% у параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам.

Рэальны грашовы даход — гэта даходы насельніцтва без падаткаў, збораў і ўнёскаў, скарэктаваныя на індэкс спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі.

У агульным аб’ёме грашовых даходаў

  • заробак займае 64%;
  • пэнсіі, стыпэндыі і іншая грашовая дапамога — 23,6%;
  • даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасьці — 8%;
  • даходы ад уласнасьці і іншае — 4,4%.

Сёлета Савет міністраў Беларусі прагназуе павелічэньне рэальных даходаў насельніцтва на 3,2%. За 2017 год рэальны грашовы даход насельніцтва павялічыўся на 2,4%, пры гэтым у 2016 годзе даходы насельніцтва ўпалі на 6,9%.

Узровень малазабясьпечанасьці насельніцтва ў 2016 годзе

Аляксандар Лукашэнка больш за 10 год абяцае, што сярэдні заробак беларусаў перавысіць 500 даляраў (апошнім часам — 1000 рублёў). У сьнежні 2017 году сярэдні заробак дасягнуў 995,3 рубля, але ў студзені 2018-га рэзка ўпаў — да 859 рублёў. Пры гэтым мэдыянны заробак (не сярэдняе арытмэтычнае ад сумы ўсіх заробкаў, а заробак сярэднестатыстычнага беларуса) складаў на лістапад 2017 году 635,4 рубля.

На пачатку сакавіка Аляксандар Лукашэнка абураўся, што людзі мусяць выжываць на 300 рублёў на месяц, а гэта «практычна немагчыма». Адказнасьць за заробкі ён усклаў на старшыняў райвыканкамаў.