Дваіх беларусаў меркавана зь міжнароднай злачыннай арганізацыі пачалі судзіць у Горадні 17 ліпеня. Іх абвінавачваюць у правозе празь беларускую мяжу больш як 35 кіляграмаў гашышу.
Падсудныя хаваюць твары
У празрыстай «клетцы» ў залі суду Горадзенскага раёну двое мужчын. Іх ахоўваюць пяцёра канваіраў, некаторыя ў бронекамізэльках.
«Не падыходзьце блізка да клеткі», — рэзка забараняе міліцыянт. Некалькі разоў тое самае нэрвова паўтараюць супрацоўнікі суду.
Падсудныя закрываюць твары ад фотаапаратаў аркушамі паперы. Адзін зь іх не паказвае твар прысутным у залі нават падчас паседжаньня. Яго бачаць толькі судзьдзя, пракурор і адвакаты.
— Вам, напэўна, ня вельмі зручна так трымаць, — дапускае судзьдзя Ганна Ляўсік.
— Там з фотаапаратам... Вось чалавек трымае тэлефон, — кажа фігурант справы пра аднаго з прысутных журналістаў. — Навошта мне гэта трэба?
Мужчына не давярае нават пасьля словаў, што ў залі забаронена здымаць падчас паседжаньня, і працягвае хавацца.
Праз шчылінку паміж паперай і кепкай ён паціху спрабуе разгледзець, хто прыйшоў на суд. Акрамя традыцыйнага складу суду і журналістаў, у залі яшчэ толькі адзін чалавек. Вячаслаў з Расеі. Кажа, што праяжджаў міма і вырашыў завітаць да знаёмага, якога судзяць. Зайшоўшы ў залю, павітаўся кіўком галавы з падсуднымі.
Меўся вазіць расейскае малако ў Беларусь
Першы з абвінавачаных — Сяргей Альховік. Невысокі, у чорнай спартовай куртцы, з-пад кепкі відаць сівыя валасы. Твар за ўвесь час паседжаньня ён так і не адкрыў. Гаворыць нізкім голасам, у гаворцы чуваць расейскія інтанацыі.
Яму 47 гадоў. Нарадзіўся ў Салігорску, па пашпарце жыў у Слуцку. Разьведзены, дачцэ 12 гадоў, сыну 14. Жыве ў незарэгістраваным саюзе. Сярэдняя спэцыяльная адукацыя. На момант затрыманьня быў заснавальнікам расейскай фірмы «Вегаслайф», якая нібыта мелася перавозіць сухое малако з Расеі ў Беларусь. У Беларусі лічыўся беспрацоўным. Раней атрымаў 9 гадоў за сур’ёзны крадзеж.
Маладзейшы фігурант, Раман Глінскі, з пачаткам паседжаньня перастае хавацца ад журналістаў. Ён таксама невысокі, худы, з вузкім вострым тварам, у дыхтоўнай моладзевай куртцы.
Яму 31 год. Нарадзіўся ў Баранавічах. Апошнім часам жыў у Салігорску. Апрача школы нідзе не вучыўся, нежанаты, дзяцей няма, беспрацоўны. На ягоным сумленьні ў мінулым асабліва зламыснае хуліганства.
Пад вартай яны ўжо больш за год.
Пагоршыўся зрок, памяняўся адвакат
Альховік папрасіў у суду час перад допытам, каб азнаёміцца з матэрыяламі справы. Як ён сказаў, у яго пагоршыўся зрок, але акуляраў не было. Партнэрка не перадала, бо не атрымлівала ад яго лістоў. У выніку ён нічога ня змог прачытаць.
Да таго ж адвакатка, зь якой загадзя дамаўляліся на супрацу, наведала яго напярэдадні першага паседжаньня і адмовілася яго абараняць. Новую абаронцу ён убачыў на судзе ўпершыню.
«Мне ж трэба з адвакатам ступень абароны ўзгадніць. Я ня ведаю на сёньняшні дзень, хто мяне абараняе, як мы будзем будаваць нашую абарону», — кажа Альховік.
Ягонае хадайніцтва задаволілі. У судзе зрабілі перапынак да 18 ліпеня.
Гашыш на 700 тысяч даляраў везьлі ў газавым балёне
Фігуранты, паводле матэрыялаў крымінальнай справы, цягам 2016–2017 гадоў перавозілі гашыш з Польшчы і Літвы празь Беларусь у Расею, каб там прадаць іншым кур’ерам. Наркотык прызначаўся для жыхароў Маскоўскай вобласьці.
Летась у чэрвені Глінскага і Альховіка затрымалі каля вёскі Мікелеўшчына Мастоўскага раёну. У машыне была схованка, зробленая з газавага балёна, а там больш за 35 кіляграмаў гашышу.
Паводле закону гэта лічыцца буйным памерам. Для параўнаньня, нават 25 грамаў опіюмнага наркотыку — буйны памер. Тут было ў 1400 разоў больш. Кошт затрыманай партыі ацэньваецца ў 700 тысяч даляраў.
Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў злачыннай арганізацыі, незаконным абароце наркатычных сродкаў у буйным памеры арганізаванай групай і незаконным перамяшчэньні наркотыкаў празь мяжу (частка 2 артыкула 285, частка 4 артыкула 328, частка 3 артыкула 328-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Самы суворы з артыкулаў прадугледжвае да 20 гадоў пазбаўленьня волі.
Кіравалі малдаване і гішпанцы
Беларусы ўваходзілі ў міжнародную злачынную арганізацыю, якой кіравалі малдаване і гішпанцы. Агулам затрымалі больш за 20 ейных удзельнікаў, канфіскавалі больш за 830 кіляграмаў наркатычных рэчываў.
Праваахоўнікі выкрылі транспартную схему: гашыш з Марока перапраўлялі праз мора ў Гішпанію, адтуль у іншыя эўрапейскія краіны і Расею.
Апэрацыя па выяўленьні і ліквідацыі буйнога наркаканала і міжнароднай злачыннай арганізацыі называлася «Пірэнэйскі злом». У ёй прымалі ўдзел сілавікі зь Беларусі, Расеі, Украіны, Польшчы, Літвы, Нямеччыны, Гішпаніі і Марока. Апэрацыю лічаць галоўным антынаркатычным расьсьледаваньнем дзесяцігодзьдзя ў Эўропе.
Арганізацыя складалася з асобных меншых групаў у розных краінах. Вядома, што беларусаў у ёй агулам было дванаццаць.
Ганна Юргілевіч, адвакатка Рамана Глінскага, сказала, што судовы працэс, верагодна, будзе нядоўгі і скончыцца ў жніўні.