У Расеі асудзілі на 5 гадоў калёніі «Бога Кузю»

Андрэй Папоў у судзе ў сьнежні 2017 году

Суд у Маскве асудзіў на пяць гадоў калёніі агульнага рэжыму лідэра сэкты «Бога Кузі» Андрэя Папова. Яго абвінавацілі ў махлярстве ў асабліва буйным памеры і стварэньні рэлігійнага аб’яднаньня, дзейнасьць якога зьвязана з гвалтам над людзьмі. Пра гэта паведамляе агенцтва «Масква».

Пракуратура прасіла для Папова сем гадоў калёніі. Паводле абвінавачваньня, у 2007 годзе Папоў стварыў рэлігійную супольнасьць, удзельнікі якой падвяргаліся цялесным пакараньням за непаслушэнства. Акрамя таго, асуджаны разам з саўдзельнікамі нібыта скраў больш за сем мільёнаў расейскіх рублёў (каля 230 тысяч беларускіх). Усяго ў кватэрах абвінавачаных было сканфіскавана каля 43 мільёнаў расейскіх рублёў і каля ста тысяч даляраў, а таксама экзатычныя жывёлы і «спэцыфічная літаратура».

Сэкта «Бога Кузі» лічыцца псэўдаправаслаўнай рэлігійнай групай, якую ўзначальвае Андрэй Папоў. Ён называе сябе «Бог Кузя». Чальцы сэкты вераць у боскае паходжаньне яе лідэра. Паводле адной з вэрсій, Папоў назваў сябе імем Кузя ў гонар хатняга папугая.