Міністэрства інфармацыі прызнала, што памылкова заблякавала сайты па IP

© Shutterstock

Міністэрства інфармацыі разблякавала IP-адрас 139.162.166.31, на якім знаходзяцца сайты, заблякаваныя ведамствам у траўні, піша фэйсбук-старонка руху «Дзея».

Што важна ведаць пра блякіроўку “наркатычных” сайтаў

  • 8 траўня Мінінфарм закрыў доступ да сайту legalize.by на падставе апавяшчэньня з МУС. Прычынай блякаваньня называюць прапаганду марыхуаны. Сайт напаўняўся ангельскамоўнымі матэрыяламі пра дзейнасьць кампаніі за дэкрыміналізацыю марыхуаны і кантраляваных рэчываў Legalize Belarus.
  • Таксама ў траўні заблякавалі сайты, якія знаходзіліся на адным IP-адрасе з сайтам legalize.by. Сярод іх — сайт пра беларускую мову на спажывецкім рынку і сайт руху «Дзея», распрацоўка якога на момант блякіроўкі яшчэ вялася.
  • Мінінфарм пацьвердзіў блякіроўку сайтаў, якія знаходзіліся на адным IP-адрасе з legalize.by, спаслаўшыся на МУС. Там заявілі, што ня маюць інфармацыі пра іншыя заблякаваныя інтэрнэт-рэсурсы.

Загадам ад 13 ліпеня Мінінфарм унёс зьмены ў загад 17 траўня, дзе разам з сайтам legalize.by патрабавалася закрыць доступ да IP-адрасу 139.162.166.31.

Што гэта за сайты?

Nabyvaj.by— старонка, прысьвечаная выкарыстаньню беларускай мовы на спажывецкім рынку.

Dziejaby.org — дамэн руху «Дзея». На момант імавернага блякаваньня распрацоўка сайту яшчэ вялася.

Legalizebelarus.org — сайт-люстэрка заблякаванага раней сайту кампаніі Legalize Belarus.

Гэтыя старонкі працуюць пад адным IP на хостынгу de3.fcomet.com, пад якімі працаваў заблякаваны раней сайт legalize.by. Таксама былі заблякаваны і іншыя рэсурсы, якія працуюць па IP-адрасе 139.162.166.31. На момант публікацыі, доступ да гэтых сайтаў не аднавілі.

Як сказаў Свабодзе ўласьнік заблякаваных дамэнаў Пятро Маркелаў, ён напісаў у міністэрства некалькі скаргаў, у якіх прасіў патлумачыць прычыны забароны і разблякаваць сайты.

"Апошні зварот накіроўвалі 29 чэрвеня, прайшло больш за 15 дзён, і я ім патэліў сёньня. І праз гадзіну пасьля званка атрымаў гэта (загад ад 13 ліпеня. — РС) на мэйл".

19 красавіка кіраўнік МУС Ігар Шуневіч заявіў, што ягонае ведамства не вітае паслабленьня адказнасьці па «наркатычных» артыкулах, у тым ліку для спажыўцоў наркотыкаў.

Паводле закону аб СМІ, блякававаньне доступу да рэсурсаў ажыцьцяўляецца ў пазасудовым парадку. Аднавіць доступ можна праз зварот у Мінінфарм, які разглядаюць цягам месяца.