Актывістку Віку Біран аштрафавалі за пікет супраць «гамафобскай заявы» на сайце МУС

Віка Біран перад судом Цэнтальнага раёну Менску

Суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў заснавальніцу гендэрнага праекту Makeout Віку Біран штрафам у памеры 367,5 рубля (15 базавых велічынь).

Судзьдзя Вікторыя Шабуня прызнала Віку Біран вінаватай паводле ч. 1 арт. 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу за арганізацыю «масавага мерапрыемства» — пікету, на які яна выйшла адна да трох адміністрацыйных будынкаў у Менску.

Крыстафер Маккейб, першы сакратар брытанскай амбасады, на судзе па справе Вікі Біран

24 траўня Віка Біран ў рамках флэшмобу супраць дыскрымінацыі ЛГБТ-супольнасьці выйшла з плякатам «Самі вы падробка» да будынкаў Дома ўраду, Міністэрства ўнутраных справаў і Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Пасьля гэтага яна апублікавала ў сацсетках тры здымкі — па адным каля кожнага з будынкаў.

Адзін са здымкаў, за які судзілі Віку Біран

Спачатку ёй прыйшла позва за «масавае мерапрыемства адзіночны пікет» з РУУС Маскоўскага раёну, у якім знаходзіцца Дом ураду, а пазьней з Цэнтральнага, дзе месьціцца будынак МУС, і Ленінскага (паводле прапіскі сквэру насупраць КДБ (сам будынак КДБ у Цэнтральным раёне).

На момант прызначаных працэсаў Віка Біран знаходзілася з навучальным візытам у ЗША, таму не змагла прысутнічаць на судах. Яна папрасіла перанесьці дату суду на час, калі вернецца дадому. Цяпер кожнае фота з паста разглядаецца як асобнае правапарушэньне.

«Мы нават рабілі стаўкі на тое, якога памеру выпішуць штраф, — пракамэнтавала прысуд Віка Біран. — Шчыра кажучы, не ўгадаў ніхто, думалі, максымум, што будзе, гэта да 10 базавых, і тое зашмат. Хоць сама я была гатовая да самага горшага варыянту — у заплечніку на ўсялякі выпадак ляжыць усё неабходнае. Цяпер застаецца толькі дачакацца, як па ланцужку будуць рэагаваць іншыя суды, бо ляжаць яшчэ два аналягічныя пратаколы».

На пытаньне Свабоды, ці зьбіраецца яна абскарджваць прысуд, Віка Біран сказала, што абавязкова, паколькі вырак не здаецца ёй справядлівым.

Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС. Ці праўда гэта?

Што важна ведаць

  • 17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
  • 20 траўня Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
  • 21 траўня на сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў «За міліцыю для ўсіх». У пэтыцыі просяць праверыць законнасьць выказваньняў МУС. На момант публікацыі пад пэтыцыяй падпісалася больш за 1800 чалавек.
  • 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
  • Ад 22 траўня ў адказ на заяву МУС у сацыяльных сетках пачалі зьяўляцца допісы з тэгам #янеподделка.
  • 23 траўня міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што існуе шэраг рэчаў, «непрымальных» для беларускага мэнталітэту. Макей адзначыў важнасьць і неадназначнасьць тэматыкі «правоў мяншыняў».
  • 30 траўня старшыня Моладзі БНФ скрытыкавала «навязваньне ЛГБТ» і «паўсюднае вывешваньне сваёй сымболікі».
  • 7 чэрвеня Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС, хоць такой функцыі ў законе «Аб органах унутраных справаў» няма.
  • 16 чэвеня партрэт Ігара Шуневіча несьлі на прайд-парадзе ў ЗША.

Your browser doesn’t support HTML5

ЛГБТК-актывістка Віка Біран пра «любімага» міністра, сэкс і апазыцыю