У Валгаградзе ў выніку залевы разбураны насыпны схіл ля стадыёну «Валгаград-Арэна», які актыўна добраўпарадкоўвалі апошнія месяцы. Пра гэта паведамляюць мясцовыя сайты са спасылкамі на фота і відэа відавочцаў.
Пясок і гліну са схілу змыла на новую дарогу, пабудаваную к чэмпіянату сьвету ў футболе. Афіцыйна яна носіць імя героя абароны Сталінграда маршала Крылова, але валгаградцы называюць яе Нулявой падоўжнай.
У дзень завяршэньня чэмпіянату сьвету ў футболе (фінальны матч праходзіў на маскоўскіх «Лужніках») у Валгаградзе прайшла магутная залева. Затапіла некалькі буйных гандлёвых цэнтраў, у тым ліку «Камсамол» і «Варашылаўскі». Вялізныя азёры ўтварыліся па ўсім горадзе, у тым ліку на праспэкце імя Леніна, галоўнай транспартнай магістралі Валгаграду.
Стадыён «Валгаград-Арэна» быў пабудаваны спэцыяльна к чэмпіянату сьвету ў футболе на месцы былога Цэнтральнага стадыёну на беразе Волгі. Ён быў уведзены ў эксплюатацыю ў красавіку 2018 году, у чэрвені тут прайшлі чатыры групавыя матчы чэмпіянату.