Як паведаміў агенцтву БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк, міліцыя спыніла Аляксандра Кабанава каля рынку на вуліцы Пушкінскай, дзе ён меў намер зьбіраць подпісы за адстаўку кіраўнікоў абласнога, раённага і гарадзкога выканкамаў, якія не рэагуюць на патрабаваньні жыхароў спыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу.
Вядома, што Аляксандра Кабанава даставілі ў Ленінскі РАУС Берасьця.
24 чэрвеня каля гэтага ж рынку былі затрыманыя праціўнікі будаўніцтва заводу Дзьмітры Бекалюк і Алег Ярмоленка. Яны былі прызнаныя вінаватымі паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў) і аштрафаваныя на 20 базавых велічыняў (490 рублёў) кожны.
Раней праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем зьвярталіся ў Нацыянальны сход з просьбай патлумачыць, ці ёсьць збор подпісаў на вуліцы «масавым мерапрыемствам», што падпадае пад дзеяньне адпаведнага заканадаўства.
8 чэрвеня старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэй Навумовіч накіраваў адказ, у якім паведаміў, што збор подпісаў масавым мерапрыемствам не зьяўляецца.
Тым ня меней, берасьцейскіх ды іншых актывістаў працягваюць затрымліваць і караць буйнымі штрафамі.