Адукацыйныя праграмы шэрагу дзяржаўных навучальных установаў безнадзейна адсталі ад жыцьця. Пра гэта кажуць бізнэсоўцы, якія ня маюць з каго набіраць кваліфікаваны пэрсанал.
Асаблівы дэфіцыт кадраў адчуваецца ў сфэры падрыхтоўкі мэханікаў і дыягностаў для станцый тэхнічнага абслугоўваньня, сьцьвярджае дырэктар менскай СТА «Першы кілямэтар» Канстанцін Карчынскі.
«Мне пастаянна телефануюць з пытаньнем, ці можна ўладкавацца да нас на працу, — гаворыць ён. — Натуральна, цікаўлюся, які ўзровень падрыхтоўкі. У лепшым выпадку нехта папрактыкаваўся ў гаражах, а бальшыня думае, што дастаткова таго, што сам рамантуе сваю машыну — маўляў, за шэсьць гадзін мяняю рэмень ГРМ. Даводзіцца тлумачыць: я таксама на сьняданак магу прыгатаваць яечню, але ж не шукаю працу ў дарагім рэстаране? І, на хвіліначку, нашы майстры мяняюць той жа рэмень утрая хутчэй».
На перакананьне Канстанціна Карчынскага, ва ўсім сьвеце аўтамабільная галіна ўпэўнена рухаецца да лічбавых тэхналёгій. Аднак у Беларусі па-ранейшаму «штампуюць» спэцыялістаў, узброеных развадным ключом.
«Як і шмат хто, я пачынаў з аптовага гандлю, а таму пастаянна даводзілася мець справу з рамонтам транспарту, — працягвае ён. — Як спажывец паслугаў СТА, я не спыняў зьдзіўляцца прынцыпова розным падыходам да рамонту, абслугоўваньня ў кожным новым месцы, куды прыяжджаў. Тады вырашыў зрабіць так, як у ідэале ўяўляў сам. Сабраўшы, па-магчымасьці, лепшых, паступова здолелі наблізіцца да стандарту „дыджытал“-станцыі».
Паводле бізнэсоўца, за ўзор быў узяты сэрвіс нямецкай кампаніі «Бош», якая трымаецца аднолькавых стандартаў ва ўсім сьвеце. У вучэбным цэнтры прайшлі навучаньне мэханікі, дыягносты, нават супрацоўнікі стала заказаў. Бальшыня ўпершыню мела справу з так званым VR-тэставаньнем — віртуальнай дыягностыкай з выкарыстаньнем лічбавых сымулятараў.
Днямі была заключаная партнэрская дамова на супрацу — такім чынам, станцыя «Першы кілямэтар» афіцыйна стала першай digital-СТА ў Беларусі. Надалей стажыроўка пэрсаналу паводле патрабаваньняў карпаратыўнай праграмы «Бош Аўта Сэрвіс» стане абявязковай умовай.
«Аўтадарожныя інстытуты і прафэсійна-тэхнічныя вучэльні, на жаль, ня вучаць, як працаваць на сучасных станцыях тэхабслугоўваньня ці аўтацэнтрах, — адзначыў экспэрт у разьвіцьці сеткі „Бош Аўта Сэрвіс“ у Беларусі Вячаслаў Савіч. — Па старой завядзёнцы выпускаюцца спэцыялісты з ўзроўнем ведаў учорашняга дня. У лепшым выпадку што можна зрабіць, дык гэта адправіць іх да нас на перанавучаньне».
У Беларусі зарэгістраванана блізу 4 мільёнаў транспартных сродкаў, іх рамонтам і абслугоўваньнем займаюцца тысячы спэцыялізаваных і напаўпадпольных майстэрняў. У пераважна большасьці пэрсанал такіх станцый — людзі, якія даходзяць да разуменьня нюансаў справы па ходу працоўнага экспэрымэнту.