Доўгатэрміновае пачуцьцё самоты (калі чалавек адчувае сябе самотным на працягу ўсяго жыцьця, а не эпізадычна) наўпрост зьвязана з нашым генатыпам, высьветлілі брытанскія навукоўцы.
Група навукоўцаў з Кембрыдзкага ўнівэрсытэту выявіла 15 адпаведных генэтычных варыяцый ДНК.
«Мы часта думаем, што адзінота абумоўлена выключна навакольным асяродзьдзем і жыцьцёвым досьведам, але гэтае дасьледаваньне дэманструе, што гены таксама могуць адыгрываць пэўную ролю», — сьцьвярджае адзін з дасьледчыкаў, Джон Пэры.
Навукоўцы вывучылі анкеты больш чым 450 тысяч чалавек з Нацыянальнага біябанку Вялікабрытаніі (біябанк зьбірае, захоўвае, абнаўляе і падае для навукоўцаў біялягічныя ўзоры і дадзеныя клінічных і лябараторных абсьледаваньняў пацыента).
Сьпярша рэспандэнтам задавалі пытаньні: ці часта вы адчуваеце сябе самотна, колькі чалавек жыве ў вашым доме, уключаючы вас, як часта вы наведваеце сяброў, родных або яны вас, як часта вы пакладаецеся на сваіх блізкіх.
На другім этапе навукоўцы ўсталявалі супадзеньні ў 15 участках ДНК, якія карэлюцца з пачуцьцём самоты.