У анэксаваным Расеяй Крыме выпушчаны са сьледчага ізалятару крымскататарскі актывіст Ісмаіл Рамазанаў, якога абвінавачваюць ва «ўзбуджэньні нянавісьці» з дапамогай рацыі Zello. Пра гэта паведамляе «Крымская салідарнасьць».
Суд 12 ліпеня адмовіў падоўжыць арышт Рамазанава. Пры гэтым ён ужо правёў у СІЗА Сімфэропалю амаль паўгода і празь дзесяць дзён усё роўна павінен быў, паводле расейскіх законаў, выйсці на волю. Меру стрыманьня Рамазанаву памянялі на падпіску пра нявыезд.
Рамазанаў быў затрыманы 23 студзеня. Ён казаў, што быў зьбіты пры затрыманьні супрацоўнікамі ФСБ. Яго абвінавачваюць у тым, што пры дапамозе інтэрнэт-рацыі Zello ён распаўсюджваў нейкую інфармацыю, якая распальвала нянавісьць інфармацыю. Рамазанаў уваходзіць у лік 64 украінскіх зьняволеных у Расеі, вызваленьня якіх патрабуе Алег Сянцоў, які трымае галадоўку ў расейскай калёніі.