Тата і сын. Як беларускія бяздомныя зарабляюць на жытло ў Латвіі

57-гадовы Юры жыве ў Гомлі. З 2011 году ён бяздомны — разам са сваім сынам. Праз алькаголь яны страцілі ўсё. І саміх сябе. Сваякі скарысталіся момантам і пакінулі бацьку і сына без кватэры. Цяпер яны ўжо чацьвёрты год ня п’юць. Працуюць у Латвіі, «добра зарабляюць» і зьбіраюць грошы на новае жытло. Свабода пагутарыла зь сямʼёй бяздомнікаў пра іх шлях да цьвярозасьці, працу, мэты, любоў і дараваньне.

Працавалі на абшарах Расеі за харч і дах над галавой

35-гадовы Саша нарадзіўся на Камчатцы. Калі яму было восем, баба зь дзедам забралі яго да сябе ў Гомель. Бацькі засталіся ў Расеі, працавалі будаўнікамі, плянавалі пазьней пераехаць у Гомель. Але ў 1995 годзе маці Сашы памерла на Камчатцы.

«Так атрымалася. Не даехала», — кажа Саша. Пазьней у Гомель пераехаў ягоны бацька, Юры.

Саша

Саша тым часам скончыў школу і вучэльню. У 1999 годзе памерла бабуля. Праз год — дзед. Хлопцу было тады 17 гадоў.

«І панеслася. Няма каму мяне ганяць, няма каму забараняць. Сам сабе. Дваровыя кампаніі. Пʼянкі-гулянкі. Інстынкт статку — усе пʼюць, і я пʼю», — прыгадвае жыхар Гомлю.

Тады яму здавалася, што алькаголь — сябар, які, «як у казцы, дадае неабходных табе сьмеласьці, свабоды, пачуцьця даросласьці».

«Во ў што яно ўсе гэта выцекла, да чаго прывяло — апынуліся з татам на вуліцы. Сваякі скарысталіся такім нашым станам, хітрасьцю прадалі нашу кватэру», — кажа Саша.

Пасьля амаль пяць гадоў бацька з сынам батрачылі на абшарах Расеі — «за харч і дах над галавой».

Зарабіўшы капейкі, прыяжджалі ў Гомель і прапівалі грошы ў кампаніях. Жылі ў розных прытонах, начавалі ў падʼездах, сутарэньнях. Зноў ехалі на расейскія будоўлі. Аўтаномна. Сын — у Сочы, бацька — у Маскву. Сустракаліся рэдка і па сутнасьці і не цікавіліся адзін адным.

«Піў, каб ня думаць, да чаго я дайшоў, у якім г... апынуўся»

Юры

​Юры за 57 гадоў сядзеў у турме восем разоў. Пачаў піць з маладосьці, бо «ўсе пілі». Спачатку пʼянка была нормай, потым зрабілася неабходнасьцю. Крадзяжы, рабаўніцтва — усялякае было. Потым — расейскія будоўлі. Страта гомельскай кватэры. Вуліца. Неяк ён не паехаў у Расею. Застаўся ў Гомлі і запіў — моцна, беспрабудна. Піў год, дзень у дзень. Спаў па падʼездах, даводзілася жабраваць, зьбіраць мэталялом з макулятурай.

«Піў, каб ня думаць, да чаго дайшоў. Алькаголь на той час не даваў ніякага задавальненьня, проста заглушаў усё, гэтыя думкі... Пра тое, у якім г... я апынуўся. Дапіўся да такога стану, што і піць ня мог, і ня піць ня мог», — прыгадвае Юры.

Неяк у 2015 годзе знаёмы бяздомнік Славік запрасіў яго на абед да каталіцкіх сясьцёр ордэну маці Тэрэзы. Яны адзіныя ў Гомлі, хто корміць бяздомных стала. Пасьля абеду да мужчыны падышла сястра з ордэну і прапанавала застацца ў начлежцы. На вуліцы быў люты, холад, мароз. Юры застаўся.

Ацьверазеўшы, ён пачаў думаць — як жыць, што будзе далей?

«Яшчэ трохі — я б памёр, мяне даўно не было б. Чаму ў той дзень з 60 чалавек, якія былі на абедзе ў сясьцёр маці Тэрэзы, запрасілі менавіта мяне пажыць у Доме — загадка. Але ведаю — гэта ўсё ня проста так», — разважае Юры.

«Больш не хачу рабіць над сабой экспэрымэнты»

Да таго, як трапіў у Дом міласэрнасьці, пра Бога, рэлігію Юры не задумваўся. У расейскім пасёлку на Камчатцы, дзе ён жыў, не было нават праваслаўнай капліцы.

«Мяне гэта не цікавіла. У маім атачэньні і размоў такіх не было. Не было разуменьня, што людзі могуць жыць з Богам, зь любоўю, міласэрнасьцю. Спачатку я думаў — ну кормяць сёстры, ну прытулак даюць — такая іх праца. Аказалася, усё нашмат глыбей», — кажа жыхар Гомля.

У начлежцы ён правёў месяц. Пасьля гэтага тэрміну трэба было вяртацца зноў на вуліцу. Але сёстры Маці Тэрэзы прапанавалі іншы шлях — рэабілітацыйны цэнтар у Маскве. Юры паехаў, прайшоў курс рэабілітацыі. Не адразу, але атрымалася заставацца цьвярозым.

Для таго, каб ня піць, трэба мэта, стымул. У Юрыя і ягонага сына яны ёсьць.

«Мы хочам, каб нашы чаканьні спраўдзіліся. І рухаемся паціху ў той бок», — дадае мужчына. Заставацца цьвярозым, апроч мэты, дапамагае атачэньне.

«Якое атачэньне сабе выбіраеш, так і жыцьцё тваё пойдзе. Калі выбіраеш кола алькаголікаў — запʼеш рана ці позна. Будзеш парушаць межы — будзеш мець наступствы. Я больш не хачу рабіць над сабой экспэрымэнтаў», — кажа Юры.

Прасіўся ў ізалятар часовага ўтрыманьня, бо не было дзе начаваць

У Дом міласэрнасьці трапіў праз пэўны час і сын Саша. Да прапановы браць прыклад з бацькі ён паставіўся скептычна. Бо ведаў, што той алькаголік. Прынамсі, як і ён. На той момант блізкія людзі ня бачыліся гады тры.

Яны сустрэліся ля Дома міласэрнасьці. «Адна сястра спыталася адразу, ці маю я праблемы з алькаголем. Ды што вы, як можна, якія праблемы!», — сьмяецца Саша. Ён пабыў у Доме, потым паехаў у Маскву на рэабілітацыю.

«І панеслася ўсё! Тры гады безь ніякіх стрэсаў. Чысты перад усімі! Усе штрафы сплаціў, усе пазыкі і крэдыты», — кажа Саша.

«У Латвіі паглядзелі, як мы працуем, і адразу параілі падаваць на від на жыхарства»

У Доме міласэрнасьці мужчыны не сядзелі склаўшы рукі. Тым больш рукі былі прывучаныя да рознай працы. Дапамагалі сёстрам па гаспадарцы, у рамонце. Сёстры прыгледзеліся — умелыя хлопцы. Склалі мужчынам пратэкцыю для знаёмага бізнэсоўца ў Латвіі. Той глядзеў не на мінулае ці судзімасьці, а на ўменьне працаваць. Мужчыны былі працалюбівыя, цягавітыя. Яны прывыклі гнаць абʼёмы на расейскіх будоўлях, таму і ў Латвіі рваліся да працы.

«У латышоў быў плян — накрыць дах за тыдзень ці паўтара. Пры гэтым чакалі электрычную лябёдку, кран. А мы неяк засталіся на абʼекце, зьбілі „казлы“, брусы зацягнулі самі, рукамі, на дах, і ўсе зрабілі за два дні. Тыя прыйшлі — ахнулі: як так магчыма? Без электрычнай лябёдкі, без крана? У іх шок быў», — з задавальненьнем прыгадвае Саша.

Мужчынам параілі падаваць дакумэнты — афармляць від на жыхарства. Яны ня супраць. Працай, умовамі, заробкам, кіраўніцтвам задаволеныя. Але жыць яны хочуць у Беларусі. На пабыўку ў Гомель прыяжджаюць у Дом міласэрнасьці. Для іх гэта ня проста будынак — сямʼя.

Юры кажа, што для яго Саша цяпер — вялікая падтрымка, сын, якога ён раней згубіў — у прасторы і праз алькаголь.

«Я не хачу, каб ён больш бачыў мяне пʼяным. Хоць я і старэйшы, але ён для мяне рухавік усяго: усімі пытаньнямі — грашовымі, працоўнымі — займаецца ён. Я проста знаходжуся побач, працую, ён малады — яму і карты ў рукі», — кажа Юры.

«Раней, калі мне рабілі дабро, я думаў — во разьвёў лоха»

Алькаголь сказіў усё ў жыцьці Юрыя, пераблытаў, паставіў дагары нагамі. Цяпер мужчына спрабуе вярнуць усё назад, паставіць на належныя месцы.

«Раней, калі нейкі чалавек рабіў мне дабро, я думаў — во лох, пабольш бы такіх дурняў. Ніякай удзячнасьці, яшчэ і пазьдзекуесься. У мазгі ня браў, што чалавек ад чыстага сэрца дабро робіць. Цяпер іншы ракурс на жыцьцё. Удзячны сёстрам маці Тэрэзы, удзячны людзям... Дапамагаю сам людзям. Праўда, я пераборлівы. Ведаю, хто на бутэльку зьбірае грошы. Такому ня дам», — кажа Юры.

Ён дзеліцца сваім досьведам і назіраньнямі: пакуль чалавек сам не захоча кінуць піць, ніхто не дапаможа. Тыя людзі, якія жывуць на сьметніках, бадзяюцца, пʼюць, могуць уратавацца — ёсьць інструмэнты. Проста іх пакуль задавальняе такі лад жыцьця. А можа, не дасягнулі яшчэ свайго дна.

«Часам да сясьцёр прыбіваюцца на зіму. Але проста каб перасядзець халады, ня больш. Пацяплела — паляцелі па сваіх справах, па сьметніках, свабода! Ілжывая свабода. Калі са ста чалавек, якія ходзяць да сясьцёр, хоць адзін нешта зразумее — ужо добра», — кажа Юры.

Пра сябе ён кажа, што «не такой моцнай веры». Але ведае — Бог, ці Вышэйшая сіла, як гэта называюць — ёсьць.

«Нешта прашу — збываецца. Нешта не збываецца. Значыць, гэта не маё і ня трэба мне. Не жыву ружовымі ілюзіямі. Сёньня мой дзень, заўтра — ня ведаю», — разважае жыхар Гомля.

«Я іх прабачыў. Можа, і мяне прабачаць іншыя»

Цьвярозасьць вярнула Юрыю чалавечыя пачуцьці.

«Я пачынаю сумаваць па некаторых людзях. Раней такога не было. Перажываю за іншых... Раней мне ўсе было абыякава і на ўсіх напляваць Раней усе былі вінаватыя, а я адзін меў рацыю. У мяне ўсе былі благія, адзін я добры. Часам, калі гляджу назад, здаецца, гэта ўсё было не са мной. Ня хочацца больш такога. Але й забываць нельга, бо ў любы момант можа вярнуцца бумэрангам», — кажа Юры.

Ён прабачыў людзям, якія спрычыніліся да таго, каб ён з сынам апынуліся на вуліцы. «Не трымаю зла. Я ім прабачыў. Можа быць, і мне прабачаць іншыя», — дадае жыхар Гомля.