Найбольш імаверным месцам перапахаваньня паўстанцаў 1863-64 гадоў, парэшткі якіх знайшліся летась на Замкавай гары ў Вільні, стануць могілкі Росы — там будзе створаны мэмарыял.
Свабода, між іншым, першая ўзьняла і дасьледавала гэтую тэму яшчэ ў 2001 годзе.
Вядома, найлепшым месцам перапахаваньня беларускіх герояў была б сучасная сталіца Беларусі. Але, як той казаў, не пры гэтай уладзе. Таму выбар старадаўняй сталіцы і мэмарыяльных Росаў у ёй выглядае найбольш адпаведным з усіх магчымых.
Гэты нэкропаль часта называюць могілкамі Роса (быццам яны належаць нейкаму Росу). Насамрэч назва ўсяго гэтага віленскага раёну — Росы — паходзіць ад паганскага сьвята веснавога цыклю, да якога царква прымеркавала дзень Сьвятога Юрыя. Памятаеце, у абрадавай песьні сьпяваецца: «Юр'я, адмкні зямлю. Юр'я, пусьці расу». Тады ўжо — касі каса, пакуль раса. Так пачынаўся земляробчы год. А сьвяткаваць гэты пачатак году — Росы — віленчукі з дахрысьціянскіх часоў прыходзілі сюды, таму й раён стаў звацца Росамі, а пасьля, калі тут зьявіліся могілкі, іх назвалі таксама — могілкі Росы.
Першыя пахаваньні тут узьніклі ў 15-м стагодзьдзі. Гісторык Тэадор Нарбут кажа, што з 1436 году на гэтай тэрыторыі хавалі ахвяраў паморку. Тады тэрыторыя называлася Сьвятаюрскімі Росамі — ад пабудаванай тут праваслаўнай царквы Сьвятога Юрыя, якая пазьней стала ўніяцкай і служыла падвіленскім парафіянам. Была яна дашчэнту спаленая вайною ў 17-м стагодзьдзі і ўжо пазьней не адбудоўвалася.
Фармальна аднак заснаваньне могілак як публічнага месца пахаваньня памерлых жыхароў Вільні датуецца 1769 годам, калі тагачасны бурмістар Вільні Базыль Мюлер афіцыйна прызначыў для пахаваньняў гэтую тэрыторыю. 6 траўня 1801 году адбылося асьвячэньне могілак, а ўжо праз два дні на іх знайшоў свой спачын і сам Мюлер.
Сёньня агульная тэрыторыя нэкропаля Росы складае 10,8 га. Помнікі разьмясьціліся на пяці маляўнічых узгорках, кожны зь якіх мае сваю назву. На адным зь іх – Літарацкай горцы – сярод старых дрэваў месьціцца сымбалічная магіла пачынальнікаў беларускай дзяржаўнасьці братоў Івана і Антона Луцкевічаў, на цэнтральным узгорку каля ўваходу ў капліцу спачывае заснавальнік новай літоўскай дзяржаўнасьці Ёнас Басанавічус, а ўнізе, за агароджаю Росаў месьціцца маўзалей з сэрцам Юзафа Пілсудзкага, заснавальніка новай польскай дзяржаўнасьці. Разам з сэрцам Пілсудзкага пахаваная і ягоная маці.
Трэба сказаць, што ў часы, калі жылі й дзейнічалі пахаваныя тут героі (19 — пачатак 20 стагодзьдзя), у Вільні панавала расейская ўлада і польская культура, але агульны патрыятызм быў — краёвы. Пачыналася стварэньне новых беларускай і літоўскай нацыяў і праваднікі гэтых працэсаў добра ведалі адны адных, бо па сутнасьці рабілі адну справу. Увогуле амаль усе, хто ляжыць на Росах, ведалі сваіх сучасьнікаў. Прафэсуру Віленскага ўнівэрсытэту, пісьменьнікаў і мастакоў, інжынэраў, лекараў, вайскоўцаў ведаў увесь горад. Таму не зьдзіўляйцеся, калі, прыйшоўшы на могілкі, вы так выразна адчуеце дух часу. Яны нібы і цяпер размаўляюць адны з аднымі.
Натуральна, да магіл заснавальнікаў трох дзяржаваў (усе ў 1918 годзе) прыходзяць удзячныя нашчадкі – беларусы зьбіраюцца тут 25 сакавіка, на Дзяды і ў дні юбілеяў. Да свайго лідэра ў памятныя даты прыходзяць і літоўцы. А палякі масава прыяжджаюць да Пілсудзкага круглы год.
Магіла братоў Луцкевічаў сымбалічная, бо хоць яны жылі і працавалі ў Вільні, Іван памёр і пахаваны ў Закапаным (Польшча), куды яго адправілі лячыць сухоты, а Антон — у перасыльнай сталінскай турме ў Аткарску (Сьвярдлоўская вобласьць Расеі). Таксама сымбалічная на Літарацкай горцы магіла віленскага беларускага драматурга Францішка Аляхновіча, яна зьявілася тут, бо іншыя могілкі — кальвінісцкія на Туравай гары ў Вільні, дзе яго пахавалі, былі пасьля апошняй вайны ліквідаваныя.
Сярод выбітных асобаў, што пахаваныя на Росах і імёны якіх на слыху: Яўхім Лялевель, Сыракомля, Чурлёніс. Тут — першы беларускі раманіст Ядвігін Ш. і стваральнік беларускага стылю ў архітэктуры Леў Вітан-Дубейкаўскі, заснавальнік першага беларускага музэю старажытнасьцяў граф Яўстах Тышкевіч, сьвятар Уладзіслаў Талочка, паэты Казімер Сваяк, Уладзіслаў Паўлюкоўскі і Стары Ўлас, кнігар Станіслаў Станкевіч, фундатар «Нашай Нівы» Зыгмунд Нагродзкі…
Ёсьць тут і нямала паўстанцаў 1863-1864 году, між якіх ураджэнец Рэчыцкага павету і паўстанцкі начальнік Вільні Аляксандар Аскерка. Тутсама і архітэктар Антон Вівульскі, між іншым, аўтар даваеннага мэмарыялу паўстанцам на Замкавай гары, парэшткі якіх так «нечакана» знайшліся год таму. Словам, кантэкст для паўстанцкага мэмарыялу цалкам дарэчны.
Хацелі знайсьці свой апошні прытулак на Росах паэты Натальля Арсеньнева, Уладзімер Жылка і Максім Танк, пра што і пісалі ў сваіх вершах.
Бывай, мой ранак срэбраросы!
Бывай, мой дзень клапот, пакут!
Прайшоўшы сьвет разьдзетым, босым,
Пара падумаць і пра кут:
На могілках зацішных Росы
Хачу спачыць ад каламут.
Сачыцьмуць мой спакой найпільней
Муры старой, каханай Вільні.
Уладзімер Жылка
Але лёс склаўся па-іншаму. Арсеньнева спачывае за акіянам, Жылка ў Сібіры, а Танк — на радзіме на Нарачы.
Доўгі час месца пахаваньня павешаных і расстраляных паўстанцаў на Замкавай гары замоўчвалася, бо ня ўпісвалася ў канцэпцыю гары — галоўнага сымбалю сучаснай літоўскай дзяржаўнасьці. Але год таму гара нечакана «паплыла», парэшткі выйшлі на паверхню і археолягі мусілі ўзяцца за працу. Цяпер парэшткі збольшага ідэнтыфікаваныя і неўзабаве зьявіцца новы мэмарыял. Зразумела, што ў Вільню на Росы да сваіх герояў пацягнуцца беларускія паломнікі. Таму варта ведаць, што гэта і як правільна гэта называць.