Міністэрства інфармацыі Беларусі паведаміла 13 ліпеня пра абмежаваньне доступу да 12 сайтаў.
Прычына блякіроўкі: «распаўсюд інфармацыі аб продажы наркатычных сродкаў».
У Мінінфарме адмовіліся камэнтаваць Радыё Свабода, пра якія менавіта сайты вядзецца гаворка і калі яны былі заблякаваныя.
Што важна ведаць пра блякіроўку “наркатычных” сайтаў
- 8 траўня Мінінфарм закрыў доступ да сайту legalize.by на падставе апавяшчэньня з МУС. Прычынай блякаваньня называюць прапаганду марыхуаны. Сайт напаўняўся ангельскамоўнымі матэрыяламі пра дзейнасьць кампаніі за дэкрыміналізацыю марыхуаны і кантраляваных рэчываў Legalize Belarus.
- Таксама ў траўні заблякавалі сайты, якія знаходзіліся на адным IP-адрасе з сайтам legalize.by. Сярод іх — сайт пра беларускую мову на спажывецкім рынку і сайт руху «Дзея», распрацоўка якога на момант блякіроўкі яшчэ вялася.
- Мінінфарм пацьвердзіў блякіроўку сайтаў, якія знаходзіліся на адным IP-адрасе з legalize.by, спаслаўшыся на МУС. Там заявілі, што ня маюць інфармацыі пра іншыя заблякаваныя інтэрнэт-рэсурсы.
19 красавіка кіраўнік МУС Ігар Шуневіч заявіў, што ягонае ведамства не вітае паслабленьня адказнасьці па «наркатычных» артыкулах, у тым ліку для спажыўцоў наркотыкаў.
Паводле закону аб СМІ, блякававаньне доступу да рэсурсаў ажыцьцяўляецца ў пазасудовым парадку. Аднавіць доступ можна праз зварот у Мінінфарм, які разглядаюць цягам месяца.