На гэтым тыдні завяршае сваю працу ў Менску часовы павераны ў справах Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Робэрт Райлі. Ён быў прызначаны ў Менск два гады таму.
Пры Робэрту Райлі амбасада ЗША здолела аднавіць выдачу амэрыканскіх візаў у Менску ў поўным аб’ёме, нягледзячы на абмежаваньні для штату дыпляматаў ЗША ў Беларусі, уведзеныя афіцыйным Менскам у 2008 годзе.
Таксама актывізаваліся кантакты на афіцыйным узроўні, у тым ліку паміж Сьледчым камітэтам і ФБР, стала нашмат болей культурніцкіх праектаў.
Цяпер місія Робэрта Райлі скончаная, Дзярждэпартамэнт ЗША накіраваў яго ў Барсэлёну.
Як сказалі Свабодзе ў амбасадзе ЗША ў Менску, новым павераным у справах стане Джэніфэр Мур (Jennifer A. Moore).
Спадарыня Мур — кадравая дыпляматка. Вядома, што ў 2016 годзе яна працавала другім сакратаром амбасады ЗША ў Босьніі і Герцагавіне. Афіцыйная біяграфія і фота Джэніфэр Мур пакуль недаступныя.
Чаму ў Беларусі няма амбасадара ЗША, а ў ЗША — амбасадара Беларусі
У сакавіку 2008 году пад ціскам беларускіх уладаў дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны — з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Крыху пазьней кіраўніцтва дыпляматычных прадстаўніцтваў абедзьвюх краін было зьніжанае з узроўню амбасадара да ўзроўню часовага паверанага. Апошнім амбасадарам ЗША ў Менску была Карэн Ст’юарт, апошнім амбасадарам Беларусі ў ЗША — Міхаіл Хвастоў.
У чэрвені 2016 году МЗС Беларусі не запярэчыў супраць пашырэньня штату амэрыканскай амбасады да сямі чалавек.
4 траўня 2018 году Робэрт Райлі выказаў спадзеў, што амэрыканская амбасада ў Беларусі зноў будзе мець поўны штат, як да 2008 году, але адзначыў, што «працэс яе аднаўленьня вымагае часу, бо ёсьць амэрыканскія патрабаваньні і працэдуры». Акрамя таго, дадаў ён, «у выпадку зь Беларусьсю ёсьць некаторыя працэдуры, якія павінны быць узгодненыя зь беларускім бокам, і гэта таксама залежыць ад пазыцыі беларускага боку».«Мы працуем над тым, каб амбасадары некалі вярнуліся (беларускі — у ЗША, амэрыканскі — у Беларусь. — РС), але я не магу сказаць дакладна, калі гэта можа адбыцца», — сказаў павераны ў справах ЗША ў Беларусі.