Урад Вялікабрытаніі ў чацьвер апублікаваў новы — «кампрамісны» — плян выхаду краіны з Эўразьвязу. Згодна з гэтым сцэнаром, Лёндан ня стане разрываць усе гандлёва-эканамічныя пагадненьні з ЭЗ. Тым ня менш, брытанскія банкі не атрымаюць неабмежаваны доступ да адзінага рынку. Пра гэта паведамляе агенцтва DPA.
- Згодна з дакумэнтам, кваліфікаваныя работнікі і студэнты змогуць свабодна перасоўвацца паміж Злучаным Каралеўствам і ЭЗ. Гэтае правіла будзе дзейнічаць да канца 2020 году. На працягу гэтага пэрыяду грамадзяне ЭЗ атрымаюць права бязьвізавага доступу ў Брытанію ў абмен на аналягічныя ўмовы эўрапейскага кантынэнту — пры ўмове, што іх мэты — гэта турызм або часовая праца. Пасьля 2020 году бакі адмовяцца ад свабоды перамяшчэньня. Межы паміж ЭЗ і Вялікабрытаніяй будуць лічыцца «агульнай мытнай тэрыторыяй».
Ранейшы — больш жорсткі варыянт Brexit меркаваў, што Брытанія адмовіцца ад усіх дамоўленасьцяў з ЭЗ адразу пасьля таго, як пакіне Эўразьвяз.
- Прэм’ер-міністар Тэрэза Мэй ужо восеньню плянуе ўзгадніць з Брусэлем канчатковыя ўмовы новага пагадненьня. Лёндан, у прыватнасьці, мае намер дамагчыся таго, каб адмовіцца ад поўнага захаваньня правілаў ЭЗ на тых тэрыторыях, дзе вырабляецца да 80% брытанскага ВУП, уключаючы фінансавыя паслугі.
- Эўразьвяз не атрымае юрысдыкцыі ў Вялікабрытаніі, хоць брытанскім судам будзе загадана арыентавацца на практыку ўжываньня права ЭЗ. Пры гэтым, як адзначае Бі-Бі-Сі, брытанскі ўрад хоча пакінуць адкрытай мяжу паміж Паўночнай Ірляндыяй і Ірляндзкай Рэспублікай.
Выхад Вялікабрытаніі з ЭЗ павінен адбыцца 29 сакавіка 2019 году. Пасьля гэтага надыдзе пераходны пэрыяд, які будзе доўжыцца да 31 сьнежня 2020 году.