Беларускі актывіст анархісцкага руху, былы палітвязень Мікалай Дзядок, затрыманы, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Паводле папярэдніх зьвестак, Мікалая Дзядка судзяць у судзе Фрунзэнскага раёну Менску за «прапаганду, публічнае дэманстраваньне, выраб або распаўюд нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі».
Калі гэта так, яму пагражае штраф да 10 базавых велічыняў (245 рублёў) або адміністрацыйны арышт.
У Беларусі за «прапаганду нацысцкай сымболікі» могуць судзіць і тады, калі чалавек ня мае на ўвазе праслаўленьне нацызму. Напрыклад, судзілі блогера, які «адзеў» дырэктарку школы ў нацысцкую ўніформу, баронячы шматдзетную маці. Пратакол міліцыя накіравала ў суд Савецкага раёну. Аднак той вярнуў пратакол на дапрацоўку, бо нацысцкая сымболіка ў фотакаляжы была затушаваная.
Такой сымболікай лічацца сьцяг, гімн, эмблема, вымпел, гальштук, нагрудны і апазнавальны знак Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Нямеччыны або іх копіі. Але іх дэманстраваньне ня лічыцца парушэньнем пры дзейнасьці «ў галінах тэатральнага, музычнага, цыркавога і выяўленчага мастацтва, бібліятэчнай справы, кінэматаграфіі, музэйнай справы, арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў, выдавецкай справы, адукацыйнай дзейнасьці, СМІ».
У Расеі па падобным артыкуле могуць судзіць нават за пост зь гістарычным фота з савецкага параду перамогі, дзе бачныя свастыкі.
Чаму ў Беларусі ўзмацнілі адказнасьць за выкарыстаньне нацысцкай сымболікі