«Справа мэдыкаў». Ці выклікалі на допыт віцэ-прэм’ера Жарко?

Васіль Жарко

11 ліпеня ў Менску нібыта дапыталі віцэ-прэм'ера, экс-міністра аховы здароўя Васіля Жарко. Пра гэта парталу Tut.by паведамілі тры крыніцы, у тым ліку блізкія да прэзыдэнцкай адміністрацыі.

«Жарко выклікалі на размову ў праваахоўныя органы ў другой палове дня ў пятніцу. Сёньня, 11 ліпеня, ён таксама быў на допыце», — сказала знаёмая з сытуацыяй крыніца.

Гэтую інфармацыю Tut.by пацьвердзілі яшчэ два суразмоўцы. Пацьверджаньне прагучала і з колаў, блізкіх да Адміністрацыі прэзыдэнта.

Раней крыніцы Tut.by паведамілі пра затрыманьне віцэ-прэм'ера, але гэтая інфармацыя афіцыйна не пацьвярджаецца. У прэс-службе ўраду сказалі, што Васіль Жарко на працоўным месцы.

Пра гэта ў камэнтары «Нашай Ніве» сказала і ягоная дачка Вольга: «Не затрыманы. Мы самі ў шоку. Ён хвілін 10 таму тэлефанаваў, папярэдзіў, што гэта няпраўда. Мы таксама бачылі гэтую інфармацыю і вельмі зьдзівіліся», — кажа яна.

Жарко: Не вінаваты я!

Намесьнік старшыні Савету Міністраў Васіль Жарко, які цягам 10 гадоў (2006–2016) займаў пасаду міністра аховы здароўя Беларусі, выступіў 29 чэрвеня на супольным паседжаньні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу з тлумачэньнем масавых затрыманьняў у мэдыцыне.

«Гэта спрацоўвае чалавечы фактар. У галіне працуе 270 тысяч чалавек, у ёй тысяча арганізацый. Што тычыцца сыстэмы закупаў, яна і так празрыстая. Усе кандыдаты на пастаўку тэхнікі азнаёмліваюцца з тэхнічнымі заданьнямі. Магчыма, сыстэма трошкі зьбюракратызаваная», — сказаў Жарко.

«Калі б ведаў, то меры былі б прынятыя ўжо тады (калі Васіль Жарко быў міністрам. — РС). — Мы сапраўды кантралявалі сытуацыю тады, закупы — гэта няпростае пытаньне. Дзень свой працоўны пачыналі з закупаў і завяршалі закупамі. Калі дзесьці мы нешта адчувалі, то адразу прымалі меры да вінаватых — аж да вызваленьня ад займаных пасадаў. Але што такая справа вырасьце, я проста не чакаў».

Затрыманьні мэдыкаў. Што важна ведаць

  • 11 чэрвеня стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах справы аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў.
  • Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдычнай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
  • 25 чэрвеня СМІ паведамілі пра затрыманьне на мінулым тыдні галоўнага ўрача Менскай абласной лякарні Андрэя Каралько (нібыта за «перавышэньне службовых паўнамоцтваў») і начальніка ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму Андрэя Стрыжака.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 25 чэрвеня КДБ абнародаваў выяўленыя факты хабарніцтва ў сфэры аховы здароўя. Старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек (за атрыманьне і даваньне хабару, а таксама за ўхіленьне ад сплаты сум падаткаў і збораў). Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • 28 чэрвеня старшыня КДБ заявіў, што здабыткам галоснасьці стала яшчэ ня ўся інфармацыя пра карупцыйныя злачынствы — цяпер вядзецца сьледзтва, інфармацыі будзе значна больш.