У Беларусі ад пачатку году зарэгістравана 178 выпадкаў адзёру, паведамляе Рэспубліканскі цэнтар гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя. У пераважнай большасьці гэта завозные выпадкі і вынік кантакту з хворымі.
«Гэта невялікая колькасьць выпадкаў, — адзначылі агенцтву БелТА ў цэнтры. — Дзякуючы вакцынацыі, сфармаваны дастаткова моцны імунны пласт, які не дазваляе актыўна цыркуляваць вірусу адру. Большасьць завозаў зьвязана са знаходжаньнем ва Ўкраіне. Таксама зарэгістраваныя адзінкавыя выпадкі захворваньня ў грамадзянаў, якія прыехалі адтуль у госьці ў Беларусь. 85% тых, хто захварэў былі не прышчэпленыя, у тым ліку праз адмову ад вакцынацыі».
Адзёр наступае на Ўкраіну і Эўразьвяз
Летась ва Ўкраіне зафіксавалі 2 831 выпадкі захворваньня на адзёр — у 20 разоў больш, калі параўноўваць з папярэднім годам. Зафіксаваныя сьмяротныя выпадкі.
Зрэшты, гэта стала праблемай і для іншых краінаў. Так, ад пачатку 2016-га ў Эўразьвязе зарэгістравана амаль 15 тысяч хворых. Мацней за ўсё хвароба прагрэсуе ў Румыніі і Італіі. Спэцыялісты тлумачаць гэта найперш адмовай ад вакцынацыі — некалькі гадоў таму адзёр прызналі пераможаным, прышчэпкі ад яго спынілі. Пра верагоднасьць абвяшчэньня эпідэміі папярэдзілі брытанскія мэдыкі.
Як раней паведамляла Свабода, афіцыйна адзёр у Беларусі пераможаны. У апошнія 30 гадоў дзяцей прышчапляюць двухразова — у 12 месяцаў і ў 6 гадоў. Гэтага дастаткова для стварэньня пажыцьцёвага імунітэту.
Да ўвядзеньня абавязковай вакцынацыі штогод хварэлі на адзёр 50-80 тысяч чалавек. З пачаткам яе прымяненьня колькасьць выпадкаў зьнізілася на парадак — у апошняе дзесяцігодзьдзе рэгістраваліся адзінкавыя выпадкі, завезеныя з Украіны, Нямеччыны, Італіі, Расеі, Армэніі, Тайлянду, Індыі.
Паўтарыць статыстыку без адру не ўдалося
У асобныя гады адзёр у Беларусі не рэгістраваўся наогул — цягам 2008/2009. Летась зафіксаваныя ўсяго два выпадкі. Выключэньнем сталі 2006 і 2016 гады, калі па выніках кожнага колькасьць хворых перавысіла 100 чалавек, найперш праз завоз «украінскага» вірусу. Выглядае, што сёлета будзе найбольшая лічба за апошнія гады.
Адзёр — адна з самых заразных вірусных інфэкцый. Перадача ідзе ад хворага паветрана-кропельным шляхам. Сымптомамі зьяўляюцца высокая тэмпэратура, кашаль, сып і каньюнктывіт. Найбольш небясьпечны адзёр для дзяцей — у іх найбольш высокі шанец памерці. Адзіны спосаб абароны ў гэтым выпадку — вакцынацыя.