Суд у расейскім Таржку арыштаваў на тры дні беларускага анархіста Арцёма Маркіна праз абвінавачаньне ў спажываньні наркотыкаў, паведамляе расейскае выданьне «Медиазона». Пры гэтым арыштаваны адмовіўся ад мэдычных агледзінаў, паведаміў Свабодзе Мікола Дзядок.
Маркіна мусяць вызваліць са спэцпрымальніка 11 ліпеня, сказаў Дзядок.
Паводле першай часткі артыкулу 6.9 Адміністрацыйнага кодэксу Расеі, адмова ад мэдычных агледзінаў дае падставы меркаваць пра ўжываньне наркотыкаў ці псыхатропаў без папярэдняга прызначэньня лекара. Артыкул прадугледжвае штраф ці арышт да 15 сутак.
Супрацоўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі затрымалі Арцёма Маркіна 8 ліпеня падчас навуковай канфэрэнцыі «Прамухінскія чытаньні» 8 ліпеня ў Цьвярской вобласьці.
Як паведамлялася раней, затрыманаму быў забаронены ўезд у Расею, а таксама да яго не пускалі адваката. Чаму Маркіну забаронены ўезд у Расею і як ён бесьперашкодна дабраўся да Цьвярской вобласьці, невядома.
30 чэрвеня каля Крупак беларускія сілавікі разагналі нефармальную сустрэчу анархістаў, у якой удзельнічалі каля 20 чалавек. Паводле актывістаў беларускага анархісцкага руху, былі чуваць аўтаматныя стрэлы, людзі ў камуфляжы і масках схапілі людзей, паставілі на калені, здымалі на камэру, але празь некалькі гадзінаў вызвалілі. З гэтай прычыны Мікола Дзядок падаў скаргу ў Крупскі аддзел Сьледчага камітэту наконт перавышэньня службовых паўнамоцтваў.