Прэзыдэнт ЗША зрабіў некалькі рэзкіх заяў на саміце NATO ў Брусэлі. Пераважна яны тычыліся неабходнасьці павялічыць вайсковыя выдаткі ўсіх членаў альянсу, у першую чаргу — Нямеччыны.
Заявы прэзыдэнт ЗША зрабіў падчас сустрэчы з кіраўніком NATO Енсам Столтэнбэргам. Трамп абвінаваціў Нямеччыну ў поўнай залежнасьці ад Расеі з прычыны паставак расейскіх нафты і газу.
Прадстаўнікі Нямеччыны на гэтай сустрэчы не прысутнічалі.
Асноўную незадаволенасьць Трампа выклікала тое, што ўлады Нямеччыны нядаўна выдалі дазвол на будаўніцтва і эксплёатацыю трубаправода «Паўночны паток-2», па якім расейскі «Газпрам» зьбіраецца пастаўляць у Нямеччыну і іншыя краіны Эўразьвязу 55 мільярдаў кубамэтраў газу штогод. Старт паставак намечаны на канец 2019 году.
Пастаўкі энэрганосьбітаў — гэта больш чым проста гандаль
«NATO павінна разгледзець пытаньні паставак энэрганосьбітаў з РФ», — заявіў прэзыдэнт ЗША. Калі ж Енс Столтэнбэрг запярэчыў яму, што NATO займаецца менавіта пытаньнямі абароны, а гандаль газам і нафтай з СССР ішоў «нават у часы халоднай вайны», Трамп рэзка заўважыў: «Пастаўкі энэрганосьбітаў — гэта больш чым проста гандаль». І падкрэсьліў, што купляючы газ і нафту ў «Газпрама», улады Нямеччыны «ўзбагачаюць Расею».
Трамп раней неаднаразова называў ЗША асноўным донарам бюджэту NATO і настойваў на тым, што Нямеччына і іншыя краіны Эўразьвязу таксама павінны павялічыць вайсковы бюджэт — мінімум да 2% ВУП. Пра гэта ж ён напісаў у сваім твітэры перад самітам NATO, заўважыўшы, што некаторыя краіны затрымліваюць плацяжы ў бюджэт альянсу.
Associated Press сьцьвярджае, што ніякіх затрымак плацяжоў у бюджэт NATO з боку эўрапейскіх партнэраў не было. Паводле агенцтва, ЗША фінансуюць толькі 22,1% бюджэту, а чатыры самыя багатыя краіны ЭЗ (Нямеччына, Францыя, Вялікабрытанія і Італія) — 43,8%.
Поўны тэкст жорсткай прамовы Дональда Трампа да Енса Столтэнбэрга ў дакладным перакладзе
«Ну, я мушу сказаць, што гэта вельмі сумна, калі Нямеччына заключае вялікія нафтавыя і газавыя зьдзелкі з Расеяй, а тым часам лічыцца, што вы ахоўваеце ад Расеі, а Нямеччына ідзе і плоціць мільярды і мільярды даляраў у год Расеі.
«Нямеччына кантралюецца Расеяй»
Вось, мы абараняем Нямеччыну, мы абараняем Францыю, мы абараняем усе гэтыя краіны а многія гэтыя краіны ідуць і заключаюць зьдзелкі аб газаправодах з Расеяй, дзе яны плоцяць мільярды і мільярды даляраў у расейскія куфры.
Дык лічыцца, што мы мусім абараняць вас ад Расеі, а яны плоцяць Расеі мільярды даляраў. А я думаю, што гэта ненармальна.
- Былы канцлер Нямеччыны ўзначальвае газаправодную кампанію, якая пастаўляе газ. Па сутнасьці, Нямеччына на 70 працэнтаў будзе кантралявацца Расеяй праз прыродны газ. Дык вы лічыце, што гэта нармальна?
Ну накшталт скардзіцца на гэта ад таго часу, як я заступіў, і не рабіць нічога, каб гэтага не дапусьціць. Але Нямеччына татальна кантралюецца Расеяй, бо яны атрымлівалі ад 60 да 70 працэнтаў сваёй энэргіі з Расеі праз новы газаправод. Дык скажыце, ці гэта нармальна, бо я думаю, што не.
Эўропа не даплочвае NATO
І я думаю, гэта вельмі дрэнна для NATO. І я думаю, што гэта не павінна было здарыцца. І я думаю, нам трэба пагаварыць зь Нямеччынай пра гэта.
Да таго ж Нямеччына плоціць недзе трошкі болей за 1 працэнт, тым часам як Злучаныя Штаты фактычна плоцяць 4,2 працэнты ад значна большага ВУПу. Дык я думаю, што гэта таксама ненармальна.
- Ведаеце, мы абараняем Нямеччыну, мы абараняем Францыю, мы абараняем усіх, а яшчэ і плоцім вялікія грошы, каб іх абараняць. Так працягваецца дзесяцігодзьдзямі.
Гэтае пытаньне ўзьнімалі іншыя прэзыдэнты, але іншыя прэзыдэнты ніколі нічога з гэтым не рабілі, бо, думаю, яны не разумелі або проста не хацелі з гэтым зьвязвацца.
Але я мушу ўзьняць гэтае пытаньне, бо я думаю, што гэта вельмі несправядліва ў дачыненьні да нашай краіны, да нашых падаткаплатнікаў.
- І я лічу, што гэтыя краіны мусяць павялічыць свой уклад, і не за 10 гадоў, а павялічыць зараз жа.
Нямеччына — багатая краіна. Яны кажуць, што маглі б трошкі павялічыць да 2030 году. Дык вось, яны маглі б павялічыць зараз жа, заўтра, безь ніякіх праблемаў.
Думаю, што гэта несправядліва ў дачыненьні да Злучаных Штатаў. Дык нам трэба нешта рабіць, бо мы ня будзем з гэтым мірыцца. Мы ня можам з гэтым мірыцца. І гэта ненармальна.
«Мільярды плоцяцца краіне, ад якой мы нібыта павінны вас абараняць»
Так што нам трэба гаварыць пра мільярды і мільярды даляраў, якія плоцяцца краіне, ад якой мы нібыта павінны вас абараняць.
Ведаеце, усе пра гэта кажуць ва ўсім сьвеце, што, маўляў, пачакайце, мы нібыта мусім абараняць вас ад Расеі? Дык чаму ж вы плоціце Расеі мільярды даляраў? Чаму ў NATO ёсьць краіны, а менавіта Нямеччына, якія маюць вялікі працэнт энэргетычных патрэбаў?
- Ведаеце, Расея клапоціцца аб Расеі. Дык калі на гэта паглядзець, Нямеччына цяпер у палоне ў Расеі, бо яны адмовіліся ад сваіх вугальных шахтаў і АЭС. Яны столькі нафты і газу атрымліваюць з Расеі.
Думаю, NATO мусіць пра гэта падумаць. Думаю, гэта вельмі ненармальна. Мы з вамі пагаджаемся, што гэта ненармальна.
Ня ведаю, што цяпер можна з гэтым зрабіць, але відавочна няма сэнсу, каб яны плацілі мільярды даляраў Расеі. А цяпер мы мусім бараніць іх ад Расеі».
***
Саміт NATO будзе праходзіць у Брусэлі 11-12 ліпеня. Яго асноўнымі тэмамі будуць «ліквідацыя прыступнасьці на мяжы краін-саюзьніц з Расеяй», у першую чаргу ў краінах Балтыі і Ўсходняй Эўропе, а таксама барацьба з тэрарызмам і плян дзеяньняў міжнароднай кааліцыі, якая змагаецца з тэрарыстычнымі арганізацыямі ў Іраку, Сырыі і Аўганістане. Аднак Трамп, відавочна, паспрабуе на ім вырашыць і тыя рознагалосьсі, якія ў яго ўжо некалькі месяцаў існуюць з уладамі Нямеччыны і з канцлерам Ангелай Мэркель.
У чэрвені Трамп адмовіўся падпісваць выніковае камюніке саміту G7 і раней за тэрмін зьехаў з саміту, а пасьля абвясьціў аб увядзеньні пошлін на некаторыя тавары з Эўропы, у прыватнасьці аўтамабілі. Экспэрты расцанілі гэта як пачатак «гандлёвай вайны» паміж ЗША і ЭЗ.
Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг напярэдадні саміту заявіў, што выдаткі альянсу ў 2018 годзе ўсё ж такі падвысяцца: восем краін-удзельніц павялічаць сёлета свае адлічэньні да 2%. Пры гэтым краіны Эўразьвязу і Канада да 2024 году дададуць у бюджэт NATO дадатковых $ 266 млрд.
Пасьля саміту ў Брусэлі Трамп адправіцца ў Хэльсынкі, дзе пройдзе яго сустрэча з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.