CNN: Расейская Mail.ru Group мела доступ да дадзеных карыстальнікаў Facebook

Расейская Mail.ru Group апынулася ў ліку кампаніяў, якія атрымлівалі доступ да дадзеных карыстальнікаў Facebook. Пра гэта паведамляе CNN, адзначаючы, што Mail.ru мае сувязі з Крамлём.

Тэлеканал спасылаецца на інфармацыю, атрыманую ад сацыяльнай сеткі. У прыватнасьці, адзначаецца, што Mail.ru Group распрацавала для Facebook «сотні аплікацыяў». Частка зь іх былі даступныя толькі ў тэставым рэжыме. Аднак дзьве аплікацыі, адкрытыя шырокай грамадзкасьці, на працягу двух тыдняў мелі доступ да дадзеных карыстальнікаў.

Як усё выкрылася

Прадстаўнікі Facebook удакладнілі, што аплікацыі Mail.ru Group сталі часткай расьсьледаваньня аб нядобрасумленным выкарыстаньні дадзеных. Яно пачалося пасьля скандалу з кампаніяй Cambridge Analytica. У Mail.ru Group заявілі, што кампанія не кантактавала з Facebook у справе гэтага расьсьледаваньнія. Хоць у самой сацсетцы сьцьвярджаюць адваротнае. У Facebook дадалі, што ў сацсеткі няма падставаў думаць, што расейскі распрацоўшчык выкарыстаў атрыманыя дадзеныя неналежным чынам.

Як гэта працуе

CNN нагадвае, што да 2015 году ў некаторых выпадках кампаніям-распрацоўнікам аплікацыяў для сацсеткі дазвалялася зьбіраць зьвесткі пра карыстальнікаў і іх сяброў. У прыватнасьці, кампаніі даведваліся імя карыстальніка, яго пол, дату нараджэньня і месцазнаходжаньне, а таксама атрымлівалі доступ да фота. У Facebook заяўлялі, што падобная практыка спынілася ў траўні 2015 году. Аднак два тыдні таму сацсетка паінфармавала Кангрэс ЗША, што працягвала даваць доступ да дадзеных карыстальнікаў. Яго атрымала 61 кампанія, уключаючы Mail.ru Group. Назвы іншых кампаніяў CNN не прыводзіць.

Што кажа Mail.ru Group

У Mail.ru Group, камэнтуючы інфармацыю CNN, заявілі, што кампанія ня выкарыстала ніякія дадзеныя карыстальнікаў з Facebook, акрамя як у камэрцыйных інтарэсах пры прасоўваньні сваіх прадуктаў ўнутры сацыяльнай сеткі. Кампанія заявіла пра гатоўнасьць прайсьці тэхнічны аўдыт у гэтым пытаньні, калі гэта будзе неабходна амэрыканскім партнэрам.

Скандалы з уцечкай інфармацыі

У сакавіку Facebook апынуўся ў цэнтры скандалу. Тады стала вядома аб уцечцы праз кампанію Cambridge Analytica дадзеных 87 мільёнаў карыстальнікаў. Усё гэта адбываецца на тле працягу ў ЗША расьсьледаваньня аб умяшаньні Расеі ў выбары ў ЗША і аб дзеяньнях расейскіх хакераў. Масква ўсе абвінавачваньні абвяргае.


Facebook даваў дадзеныя карыстальнікаў вытворцам тэлефонаў, — СМІ