«Хадзі сюды, дзетка». Як Лукашэнка размаўляе зь «міс Беларусь», якой прапанаваў пакіраваць калгасам

Міс Беларусь Марыя Васілевіч і Аляксандар Лукашэнка ў музэі калгасу «Радзіма»

На дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі, як Аляксандар Лукашэнка размаўляў зь сёлетняй «міс Беларусь» Марыяй Васілевіч, якая суправаджала яго ў час паездкі ў Бялыніцкі раён.​

У рэпартажы АНТ ад 7-й хвіліны і 25-й сэкунды Аляксандар Лукашэнка запрашае Марыю Васілевіч за стол кіраўніка калгасу ў музэі.

«Машанька, ідзі сюды, дзетка, — кажа Лукашэнка Васілевіч. — Ану сядзь, я пагляджу, як ты будзеш у «Купалаўскім» глядзецца. […] А дзе? У «Купалаўскае» паедзеш!»

Магчыма, Лукашэнка меў на ўвазе аграхолдынг «Купалаўскае» ў Шклоўскім раёне, які наведваў у чэрвені. У канцы сакавіка экс-кіраўніка аграхолдынгу знайшлі павешаным у лесе. Новым кіраўніком кампаніі стаў былы топ-мэнэджэр «Амкадору».

Дзяўчына заявіла журналістам, што гатовая працаваць у сельскай гаспадарцы, калі Лукашэнка «казаў сур’ёзна», але адзначыла, што пакуль мусіць дапрацаваць на цяперашняй працы паводле двухгадовага кантракту. Што за прапанова была ад Лукашэнкі да Васілевіч і ці тычылася яна таго, каб літаральна сесьці за стол кіраўніка «Купалаўскага» і пачаць кіраваць кампаніяй, невядома.

20-гадовая Марыя Васілевіч сёлета завяршыла навучаньне ў БДЭУ, перамагла ў конкурсе «Міс Беларусь-2018». Сядзела побач з Аляксандрам і Мікалаем Лукашэнкамі на канцэрце ў Александрыі, дзе Мікалай іграў на раялі, а Аляксандар сьпяваў па-ўкраінску.

Прыгажуні ля Лукашэнкі. Караткевіч, Саламаціна і Тарайкевіч пра тое, як рыхтуюць эскорт для ўлады

Інтым — па-за працоўным часам. Эскорт-паслугі ў Беларусі не забароненыя