Аляксандар Лукашэнка 10 ліпеня падпісаў указ 73 «Аб стымуляваньні выкарыстаньня электрамабіляў», піша БелТА са спасылкай на прэс-службу кіраўніка дзяржавы.
На момант публікацыі тэкст указу не апублікаваны.
Паводле дакумэнту:
- Уласьнікаў электрамабіляў вызваляць ад сплаты пошліны за выдачу дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху.
- Пры ўвозе ў Беларусь зарадных прыладаў на аўто ня трэба будзе сплачваць падатак на дададзеную вартасьць.
- Дзяржаўнае вытворчае прадпрыемства «Беларуснафта» будзе займацца стварэньнем зараднай сеткі для электрамабіляў.
Транспартны падатак быў уведзены ў Беларусі ў 2013 годзе, ня гледзячы на акцыі «Стоп-падатак». Пошліна абавязвае уласьнікаў аўтамабіляў аплачваць дзяржаўную пошліну за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Памер новага падатку — ад 3 да 25 базавых велічыняў, залежыць ад масы аўто і яго прыналежнасьці фізычнай ці юрыдычнай асобе. У сярэднім сума падатку за год да 200 рублёў. У сувязі з гэтым аўтамабілісты сталі ігнараваць тэхагляд: летась каля паловы ўладальнікаў зарэгістраваных у Беларусі аўто не прайшлі тэхагляд.
Мэтай новаўвядзеньня, як было заяўлена, зьяўляецца фінансаваньне будаўніцтва новых і рамонту існых дарог. Пры гэтым 50% сумы ад дзяржпошліны паступае ў рэспубліканскі бюджэт, 50% — у мясцовыя.
Летась у сьнежні было прапанавана не прывязваць аплату дзяржаўнай пошліны да тэхагляду, а зрабіць яе транспартным зборам, а гадавую стаўку разьбіць на месяцы.