Мадрыдзкі «Рэал» прадае Раналду «Ювэнтусу» за 100 мільёнаў эўраў

Крыштыяну Раналду (у чырвонай форме) ня змог дапамагчы сваёй камандзе лепш выступіць на чэмпіянаце сьвету

Гішпанскі футбольны гранд «Рэал» (Мадрыд) пацьвердзіў, што партугалец Крыштыяну Раналду пакідае каралеўскі клюб і пераходзіць у італьянскі «Ювэнтус», завяршыўшы дзевяцігадовы пэрыяд знаходжаньня ў складзе «вяршковых». Пра гэта ўвечары 10 ліпеня паведамляе агенцтва АР і іншыя крыніцы.

Кантракт падпісаны на 4 гады — да чэрвеня 2022 году.

Цяпер 33-гадовы Раналду адпачывае ў Грэцыі пасьля таго, як яго каманда, зборная Партугаліі, пакінула Чэмпіянат сьвету. Прэзыдэнт «Ювэнтусу» Андрэа Аньелі вылецеў у аўторак на сустрэчу зь пяціразовым уладальнікам «Залатога мяча» — узнагароды найлепшаму футбалісту плянэты.

Раналду перайшоў у склад мадрыдцаў ў 2009 годзе з ангельскага «Манчэстэр Юнайтэд» і стаў галоўным бамбардзірам гішпанскага клюбу, забіўшы 451 гол у 438 матчах. Ён дапамог клюбу выйграць чатыры тытулы Лігі чэмпіёнаў, а таксама па два разы выйграў чэмпіянат і кубак Гішпаніі.