Тры дні кожнае дзіця праз вузкае затопленае «жарало» ва ўмовах нулявой бачнасьці выводзілі двое вадалазаў. Адзін зь іх трымаў балён са сьціснутым паветрам, якім можа дыхаць дзіця, другі – накіроўваў групу ва ўмовах практычна нулявой бачнасьці. Сытуацыю ўскладняла тое, што некаторыя дзеці ня ўмелі плаваць.
23 чэрвеня 12 чальцоў дзіцячай футбольнай каманды ва ўзросьце ад 11 да 16 гадоў і іх трэнэр схаваліся ў тайляндзкай пячоры ад дажджоў, але апынуліся ў пастцы: уваход у пячору неўзабаве затапіла з-за ліўняў. Хлопчыкаў удалося знайсьці толькі празь дзевяць дзён, пры гэтым уваход у пячору быў пад вадой, і дабрацца да дзяцей можна было толькі праз вузкае «жарало», у якім зь цяжкасьцю зьмяшчаецца адзін чалавек.
Інфаграфіка Reuters пра тое, як праходзіць выратавальная апэрацыя:
Якімі былі цяжкасьці ратавальнай апэрацыі
Спачатку ратавальнікі плянавалі зрабіць сьвідравіну і эвакуяваць дзяцей праз звод пячоры. Але адмыслоўцы папярэдзілі, што праца цяжкай тэхнікі можа прывесьці да абвалу пячоры.
Таму выратавальную апэрацыю было вырашана праводзіць пры дапамозе вадалазаў. У ёй, акрамя тайляндцаў, удзельнічалі амэрыканскія і брытанскія спэцыялісты.
Падчас выратавальнай апэрацыі ў пячоры загінуў нырэц. Самарн Куна вяртаўся з гроту, у якім знаходзіліся дзеці, праз затопленыя праходы, калі ў яго скончыўся кісларод, і ён страціў прытомнасьць.
Пячора Тхам Люанг складаецца з вузкіх праходаў, якія вядуць да гроту, яны зноў пераходзяць у вузкія праходы. Усяго яна расьцягнутая на 10 кілямэтраў, яе глыбіня адрозьніваецца. Меркавалася, што хлопчыкі знаходзіліся на глыбіні ад двух кілямэтраў да 800 мэтраў.
Your browser doesn’t support HTML5
Амэрыканскі прадпрымальнік і вынаходнік Ілан Маск паведаміў, што стварыў адмысловую капсулу для выратаваньня дзяцей і правёў яе тэсты ў адным з басэйнаў Лос-Анджэлесу. Паводле задумы, у такую капсулу з балёнамі кіслароду можа зімяшчацца дзіця і затым дастаўляцца вонкі з дапамогай дасіведчаных вадалазаў.
Відэа з выпрабаваньняў ён выклаў у сваім Twitter