Удава кітайскага дысыдэнта Лю Сяобо пакінула КНР пасьля 8 гадоў хатняга арышту

Удава кітайскага праваабаронцы Лю Сяобо Лю Ся

Удава кітайскага праваабаронцы Лю Сяобо — Лю Ся пакінула КНР пасьля васьмігадовага хатняга арышту. Пра гэта ў аўторак паведаміла агенцтва Reuters.

Лю Ся, мастачка, паэтка і фатограф, знаходзілася пад хатнім арыштам і дзяржаўным наглядам пасьля таго, як яе муж быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй міру завочна ў 2010 годзе. BBC паведамляе, што Лю Ся вылецела з Пэкіну ў Бэрлін.

Лю Сяобо памёр ад раку пячонкі ў ліпені 2017-га ў Кітаі падчас адбыцьця 11-гадовага тэрміну за «падбухторваньне да падрыву дзяржаўнай улады». У 2008-м ён падпісаў пэтыцыю з заклікам да шырокіх палітычных рэформаў, да якой далучыліся 300 кітайскіх інтэлектуалаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Чаму ў кітайскім інтэрнэце нельга смуткаваць па памерлым Нобэлеўскім ляўрэаце

Кітай праігнараваў міжнародныя заклікі дазволіць Лю Сяобо правесьці апошнія дні за мяжой. ЗША папрасілі Кітай вызваліць яго ўдаву і дазволіць ёй пакінуць краіну.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель абмяркоўвала справу Лю Сяобо са старшынём КНР Сі Цьзіньпінам падчас візыту ў Пэкін у пачатку сёлетняга году. Сябры Лю казалі, што яе псыхічны стан пагоршыўся, асабліва пасьля сьмерці мужа.

За доўгія гады Лю Сяобо быў першым ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру, які памёр у турме. У 1938-м у Нямеччыне ў нацысцкім канцлягеры памёр нямецкі антыфашыст Карл фон Асецкі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 1935 году.


Улады Кітаю цэнзуруюць сумныя эмодзі пасьля сьмерці нобэлеўскага ляўрэата Лю Сяобо