У другім туры першых у гісторыі сучаснай Беларусі прэзыдэнцкіх выбараў 10 ліпеня 1994 году перамог кандыдат Аляксандар Лукашэнка. Паводле афіцыйных зьвестак, у першым туры ён набраў 44,82% галасоў, у другім, дзе спаборнічаў з тагачасным кіраўніком ўраду краіны Вячаславам Кебічам, – 80,1%.
Афіцыйна Аляксандар Лукашэнка стаў кіраўніком дзяржавы пасьля інаўгурацыі 20 ліпеня 1994 году, з таго часу ён застаецца на пасадзе. З ініцыятывы Лукашэнкі тройчы мянялася Канстытуцыя: значна пашыраныя прэзыдэнцкія паўнамоцтвы, дзяржаўная сымболіка была зьмененая з нацыянальнай на мадыфікаваную савецкую, расейскай мове нададзены статус дзяржаўнай нароўні зь беларускай, зьнятае абмежаваньне на толькі два прэзыдэнцкія тэрміны. Рэфэрэндумы і наступныя прэзыдэнцкія выбары праводзіліся з парушэньнямі законаў (рэфэрэндумы таксама і з парушэньнем Канстытуцыі), заходнія назіральнікі называлі іх недэмакратычнымі.
Нядаўна Лукашэнка сам згадваў 1994 год: менавіта тады, 24 гады таму, ён абяцаў перамагчы карупцыю. Наступныя прэзыдэнцкія выбары Лукашэнка мае прызначыць на 2020 год.