«Харваты заўсёды былі здраднікамі» — пракамэнтаваў футбол расейскі сэнатар родам з Ашмяншчыны

Франц Клінцэвіч

На думку члена Савету Фэдэрацыі Расеі Франца Клінцэвіча, заява харвацкага футбаліста Дамагоя Віды была выклікам і загадзя падрыхтаванай правакацыяй. Сэнатар пры гэтым адзначыў, што ніколі не заўзеў за Харватыю, бо лічыць гэтую краіну «здрадніцай славянскага сьвету».

«Гэта быў выклік, гэта была правакацыя, і гэтая правакацыя была нарыхтаваная, — адзначыў Клінцэвіч у камэнтары Фэдэральнаму агенцтву навінаў. — Яму не 15 гадоў, ён дарослы чалавек, ён усё гэта ведае і разумее. Ён пайшоў на гэтую правакацыю наўмысна. І заўважце, за ўвесь час чэмпіянату нічога такога не было — ніхто акрамя харватаў сабе такога не дазваляў. Толькі харваты».

Паводле расейскага сэнатара, ацэнкі гэтай правакацыі з боку Міжнароднай фэдэрацыі футболу (ФІФА) і харвацкай фэдэрацыі відавочна недастаткова — рэагаваць трэба значна больш жорстка.

«Цяпер радуюся таму, што ніколі не заўзеў за харватаў, таму што яны заўсёды былі здраднікамі нашага славянскага сьвету», — заявіў Франц Клінцэвіч.

Франц Клінцэвіч нарадзіўся на Ашмяншчыне, яму 61 год, ён прадстаўнік у Савеце Фэдэрацыі Расеі ад адміністрацыі Смаленскай вобласьці. Вайсковец, аўганец.

У суботу, 7 ліпеня, пасьля перамогі Харватыі над Расеяй у чвэрцьфінале Чэмпіянату сьвету гульцы харвацкай зборнай апублікавалі відэазапіс, на якім член трэнэрскага штабу зборнай Харватыі Огнен Вукоевіч сказаў, што прысьвяціў гэтую перамогу Ўкраіне, а абаронца зборнай Дамагой Віда вымавіў: «Слава Ўкраіне». Гэте выказваньне, якое ва Ўкраіне стала слоганам Эўрамайдану, некаторымі пракрамлёўскімі расейскімі СМІ было расцэненае як падтрымка ўкраінскіх нацыянальных сілаў.


Са штабу харвацкай зборнай выгналі трэнэра, які перамогу ў матчы з Расеяй прысьвяціў Украіне