Турэччына страціла прэм’ер-міністра

Эрдаган прымае прысягу

Сёньня наноў абраны прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган прыняў прысягу, у якой, акрамя іншага паабяцаў, што будзе прытрымлівацца традыцыяў сьвецкага грамадзтва і прынцыпаў, запачаткаваных Атацюркам. Функцыя прэм’ер-міністра перастала існаваць, сканчаецца і двухгадовае надзвычайнае становішча.

Эрдаган ад сёньняшняга дня афіцыйна мае найбольшыя паўнамоцтвы ў краіне, права прызначаць і распускаць урад.

Эрдаган раней абяцаў, што складзе ўрад з адмыслоўцаў, якія ня будуць ні членамі парлямэнту, ні сябрамі ўладнай партыі. Калі б ва ўрад быў прызначаны нехта з дэпутатаў, ён павінен быў бы адмовіцца ад дэпутацкага мандату.

На цырымонію прысягі прыехалі прэзыдэнты Баўгарыі, Грузіі, Макэдоніі, Сэрбіі, Пакістану, Судану, Вэнэсуэлы.

Пасьля прысягі спыніла існаваньне функцыя турэцкага прэм’ера-міністра, якую выконваў Біналі Йылдырым. Мяркуецца, што яму будзе прапанаваная пасада сьпікера парлямэнту. Чакаецца, што будуць прызначаныя і віцэ-прэзыдэнты краіны.

Прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары, якія прайшлі 24 чэрвеня, скончыліся перамогай дзеючага прэзыдэнта. Гэтымі выбарамі быў завершаны пераход да прэзыдэнцкай формы кіраваньня, якая значна пашырыла паўнамоцтвы Эрдагана.

Напярэдадні ў Турэччыне былі звольненыя больш за 18 тысяч дзяржаўных служачых. Падставай сталі меркаваныя сувязі з тэрарыстычнымі групоўкамі або дзейнасьць, скіраваная супраць бясьпекі дзяржавы.


Турэччына праз два гады пасьля спробы перавароту адмяняе рэжым надзвычайнага становішча