Самы пазнавальны вазочнік Беларусі скокнуў з парашутам дзеля каханай. ФОТА, ВІДЭА

34-гадовы вазочнік зь Ліды Саша Аўдзевіч упершыню ў жыцьці скокнуў з парашутам. Скачок ён прысьвяціў сваёй дзяўчыне Юліі Войцік.

3 тысячы мэтраў і 30 сэкундаў

Скачок у зьвязцы з інструктарам адбыўся днём 8 ліпеня. Вышыня — 3 тысячы мэтраў. Палёт — 30 сэкундаў. Месца Саша хоча захаваць у таямніцы. Вядома, што гэта ў Беларусі.

«Рушыў спантанна, знайшоў выпадкова. Я быў першым інвалідам, які скакаў з гэтымі хлопцамі. Я проста прыехаў і скокнуў без аніякіх інструкцый ці адмысловых курсаў, таму што гэта дужа проста і весела», — так хлопец кажа пра падрыхтоўку.

«Я думаў, што я ў іншым сусьвеце»

Ногі Саша нічым не прышпільваў

Прызнаецца, што ўсё ж вельмі баяўся, як усё пройдзе. Ногі нічым не прышпільваў і перажываў, што яны будуць матляцца ў паветры.

Пра інструктара кажа, што той асабліва не хваляваўся. І адзінае, што запытаўся, ці баіцца Саша Google Maps — як выглядае зямля з вышыні.

Але палёт прайшоў на выдатна.

«Я думаў, што я ў іншым сусьвеце, зь іншымі законамі фізыкі. Адны пазытыўныя эмоцыі», — узгадвае суразмоўца.

Інструктар толькі запытаўся, ці не баіцца Саша Google Maps

«Такая love story»

Падчас палёту хлопец склаў рукі ў форме сэрца — так ён выказаў пачуцьці да сваёй каханай Юліі, якая жыве ў Нямеччыне.

Праўда, пра ідэю палёту дзяўчына даведалася, толькі калі Саша быў ужо на аэрадроме.

Яна была ў шоку. Такая love story», — кажа Саша.

Юля працуе бізнэс-аналітыкам у фірме, якая прадае слыхавыя апараты.

Закаханыя бачацца раз на некалькі месяцаў. Пераяжджаць у Нямеччыну Саша не плянуе. Калі вырашыць, то толькі дзеля дзяўчыны, але ня дзеля краіны, бо там «сумнавата», кажа хлопец.

«Крута, калі б я скокнуў адзін на вазку»

Аднак да скачкоў з парашутам у вазочніка засталіся яшчэ пажаданьні.

«Для мяне было б крута, калі б я скокнуў адзін на вазку. А там жа гэта не зусім true», — кажа ён.

Саша мяркуе, што скачок з інструктарам не зусім сапраўдны

Хлопец мяркуе, што гэта тэхнічна мажліва. Не выключае, што наступны ягоны скачок будзе менавіта такім.

Жартуе, што другім разам зможа згатаваць і выпіць у палёце каву. Цяпер Саша ўдзельнічае ў праекце «Інклюзіўны барыста», дзе людзі на вазку вучацца працаваць у кавярні.

Папулярнасьць прыйшла, калі стаў інвалідам

Восем гадоў таму Саша Аўдзевіч разьбіўся на матацыкле. Цяпер ён самы пазнавальны вазочнік Беларусі, часта зьяўляецца на імпрэзах і на старонках мэдыя.

Вядомы ён, сярод іншага, тым, што праехаў 4 тысячы кілямэтраў па Эўропе на хэндбайку. Дзякуючы яму зьявілася першая ў Беларусі трэнажэрка для інвалідаў. Саша прымушае чыноўнікаў рабіць пандусы і асфальтаваць дарогі. У яго тысячы падпісчыкаў у сацсетках.

«Бо хочацца жыць у добрай краіне». Як адно тэлешоў зьмяніла 10 гарадоў Беларусі за адзін год

Зь неабмежаванымі магчымасьцямі: 10 беларусаў, якія ламаюць стэрэатыпы пра інвалідаў

Натальля Вадзянава: «Трэба ня толькі гаварыць, а дзейнічаць»