Burger King патлумачыў, чаму ў Горадні і Берасьці рабілі зьніжкі па «карце паляка»

Акцыя Burger King

Маркетынгавая служба Burger King паведаміла, што не плянуе ў далейшым праводзіць акцыі, падобныя той, якая прайшла з 30 чэрвеня па 3 ліпеня ў Горадні і Берасьці і мела назву «Курица — птица. Карта пригодится»

Уладальнікі «карты паляка» ў рэстарацыях Burger King у Горадні і Берасьці маглі атрымаць зьніжку 25% на новую страву «Чыкен Фры».

«Кіраўніцтва Burger King шчыра шкадуе»

У адміністрацыі Burger King Свабодзе сказалі, што акцыю ініцыявала маркетынгавая служба сеткі рэстаранаў. Мэтамі былі павелічэньне аб’ёмаў рэалізацыі прадукцыі, рост наведвальнасьці рэстаранаў і пазнавальнасьці брэнду.

Burger King у Горадні

«Дадатковая, сацыяльная мэта мерапрыемства палягала ў павышэньні прывабнасьці ўнутранага турызму, дэманстрацыі яго пераваг у кантэксьце нязручнасьцяў, зьвязаных зь перасячэньнем мяжы, асабліва ў сьвяточныя дні», — сказалі ў Burger King.

Burger King ловіць беларускіх кліентаў на «карту паляка». Ніхто не спакусіўся

У адказе гаворыцца, што заяўленай у акцыі стравы «Чыкен Фры» няма ў мэню рэстаранаў сеткі Burger King на тэрыторыі Польшчы. Для правядзеньня акцыі выбралі населеныя пункты, разьмешчаныя паблізу беларуска-польскай мяжы.

Ужо 3 ліпеня спэцыяльную прапанову пашырылі — яна пачала дзейнічаць для ўсіх наведнікаў рэстаранаў, разьмешчаных у вышэйназваных гарадах.

«Кіраўніцтва Burger King шчыра шкадуе, што правілы акцыі маглі быць вытлумачаныя неадназначна, — гаворыцца ў пісьмовым адказе Свабодзе. — Маркетынгавая служба Burger King паведамляе, што не плянуе ў далейшым праводзіць акцыі, падобныя праведзенай 30 чэрвеня — 3 ліпеня 2018 году ў Горадні і Берасьці», — адзначылі ў Burger King.

«Акцыя абсалютна неадэкватная»

Рэклямная кансультантка Юлія Ляшкевіч у камэнтары Свабодзе назвала праведзеную акцыю «абсалютна неадэкватнай».

Юлія Ляшкевіч

«Бо ёсьць вельмі многа рэпутацыйных рызыкаў, якія яе суправаджаюць. Атрымліваецца, што «карта паляка» дае прывілей. Гэта тое, што не падабаецца тым, хто мае беларускі пашпарт і ня мае «карты паляка». Выходзіць, што людзі з «картай паляка» маюць прывілеі, і Burger King цэніць іх больш. Няхай бы гэта былі дні польскай культуры. Альбо на чэмпіянаце гуляла зборная Польшчы. Ну хоць бы нейкая прывязка была», — сказала Юлія Ляшкевіч.

«Гэта камэрцыйная справа»

Старшыня незалежнага ад уладаў Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс ня стала камэнтаваць праведзеную акцыю.

«Гэта камэрцыйная справа», — сказала яна.