Cуд у Краснадарскім краі ў панядзелак задаволіў грамадзянскі пазоў мільярдэра Алега Дзерыпаскі да Анастасіі Вашукевіч, вядомай як Насьця Рыбка, і Аляксандра Кірылава (Алекс Лэсьлі).
Як паведаміў Інтэрфаксу адвакат бізнэсоўца Аляксей Мельнікаў, суд прызнаў Вашукевіч і Кірылава вінаватымі ў распаўсюдзе інфармацыі аб прыватным жыцьці Дзерыпаскі безь яго ведама і спагнаў зь іх па 500 тысяч рублёў.
28 лютага Алег Дзерыпаска зьвярнуўся ў суд з пазовам да Рыбкі і Лэсьлі, сьцьвярджаючы, што яны разьмясьцілі ў сацсетках матэрыялы, якія тычацца асабістага жыцьця бізнэсмэна, безь яго згоды. Тады ж Роскамнагляд абмежаваў доступ да шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў, у тым ліку і да блога Аляксея Навальнага.
Насьця Рыбка стала вядомая пасьля расьсьледаваньня апазыцыянэра аб меркаваных карупцыйных сувязях мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі. Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, нібыта плаваючы разам на яхце, абмяркоўвалі ўмяшальніцтва ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Вашукевіч. Яна сьцьвярджае, што валодае нейкімі падрабязнасьцямі арганізацыі ўмяшаньня ў выбары прэзыдэнта ЗША, якія даведалася з размовы Дзерыпаскі і Прыходзькі.
Насьця Рыбка, Алекс Лэсьлі і яшчэ некалькі чалавек былі затрыманыя ў Тайляндзе ў канцы лютага. Пазьней іх абвінавацілі ў стварэньні злачыннай супольнасьці, змове і арганізацыі прастытуцыі.