Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісьце зь Міністэрства ўнутраных спраў за подпісам міністра Ігара Шуневіча на імя дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў, старшыні Таварыства беларускай мовы Алены Анісім.
«Цяпер рыхтуюцца зьмены да правілаў дарожнага руху. Таму я і зьвярнулася да Шуневіча з прапановай: пасьля таго, як новая рэдакцыя правілаў набудзе сілу закона, выдаць іх на беларускай мове. Адказ прыйшоў станоўчы: міністэрства гатовае да супрацы», — паведаміла 9 ліпеня Свабодзе спадарыня Анісім.
Яна дадала, што ў ТБМ ужо ёсьць першы досьвед пяцігадовай даўніны выданьня правіл дарожнага руху па-беларуску.
«Я ведаю, хто мае гэтую беларускамоўную базу. І таму знайду асобаў, якія дапамогуць хуценька выдаць абноўленыя правілы», — упэўненая Алена Анісім.