Маскі з тварам міністра ўнутраных справаў Беларусі былі заўважаныя ў руках удзельнікаў лёнданскага гей-параду. Здымкі са сталіцы Вялікай Брытаніі публікуе беларускі Свабодны тэатар.
«Беларускі міністар унутраных справаў нядаўна назваў аднаполыя стасункі „фальшыўкай“, — піша Свабодны тэатар. — Мы кажам, ён фальшыўка, а мы сапраўдныя. Спадзяемся, спадару Шуневічу спадабаўся ягоны візыт на лёнданскі парад учора. Які ж тур парадаў у яго гэтым годам!»
Ці прадстаўнікі Свабоднага тэатру прынесьлі маскі і ці толькі яны імі карысталіся, не паведамляецца. Партрэты Шуневіча сёлета ўжо зьяўляліся на гей-парадзе ў амэрыканскім Луісвіле і канадзкім Таронта.
Менавіта Ігара Шуневіча ў нядаўнім міліцэйскім пратаколе назвалі аўтарам ананімнай «гамафобнай заявы» МУС. Сам Шуневіч не прызнаваўся ў аўтарстве, але выказваўся ў падтрымку заявы і заяўляў, што вывешваньне вясёлкавых сьцягоў — «ўнутраная справа, у тым ліку нашага міністэрства». Пазьней Шуневіч усклаў на сваё міністэрства функцыю «аховы маральнасьці», хоць у законах такая функцыя МУС не прапісаная.
Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС. Ці праўда гэта?
Што важна ведаць
- 17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
- 20 траўня Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
- 21 траўня на сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў «За міліцыю для ўсіх». У пэтыцыі просяць праверыць законнасьць выказваньняў МУС. На момант публікацыі пад пэтыцыяй падпісалася больш за 1800 чалавек.
- 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
- Ад 22 траўня ў адказ на заяву МУС у сацыяльных сетках пачалі зьяўляцца допісы з тэгам #янеподделка.
- 23 траўня міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што існуе шэраг рэчаў, «непрымальных» для беларускага мэнталітэту. Макей адзначыў важнасьць і неадназначнасьць тэматыкі «правоў мяншыняў».
- 30 траўня старшыня Моладзі БНФ скрытыкавала «навязваньне ЛГБТ» і «паўсюднае вывешваньне сваёй сымболікі».
- 7 чэрвеня Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС, хоць такой функцыі ў законе «Аб органах унутраных справаў» няма.
- 16 чэвеня партрэт Ігара Шуневіча несьлі на прайд-парадзе ў ЗША.
- 4 ліпеня стала вядома, што ў афіцыйным міліцэйскім пратаколе менавіта Шуневіча назвалі аўтарам «гамафобнай заявы».
- 7 ліпеня супрацоўнікі брытанскай амбасады ў Менску апрануліся ў колеры ЛГБТ-сьцяга.
Your browser doesn’t support HTML5