У эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе новаабраны старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі 49-гадовы Васіль Палякоў прызнаўся, што ня вельмі задаволены вынікамі выбараў — ён атрымаў 72 галасы са 103. Гэта 69,9% галасоў.
«Вось калі было б 52-53% — быў бы эўрапейскі вынік. Мне карціну крыху сапсаваў Мікалай Казлоў, які адразу ж заявіў, што ён не гатовы стаць старшынём партыі, але пойдзе балятавацца пасьля зьняцьця Лябедзькі і Канапацкай, каб не было безальтэрнатыўных выбараў», — заявіў Палякоў адразу пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў.
Пасьля зьезду Васіль Палякоў адказаў на пытаньні Свабоды.
— Вы жывяце ў Гомлі. Ці гатовы пераехаць у сталіцу, бо старшыня павінен кіраваць з цэнтру?
— Так, гатовы, але гэта не пытаньне аднаго дня, гэта пытаньне бліжэйшай пэрспэктывы.
— Распавядзіце, калі ласка, пра сваю сям‘ю.
— Жонка Сьвятлана, таксама гісторык, працуе ў каапэратыўным ўнівэрсытэце ў Гомлі, раней працавала ў школе. Сыну Аляксандру 24 гады, ён юрыст паводле адукацыі. Толькі што вярнуўся з войска, адслужыў адзін год у Печах.
— Што новага можна чакаць ад новага старшыні партыі?
— У мяне крыху іншы стыль кіраўніцтва — не такі хуткі і імклівы, як у Анатоля Лябедзькі, але я глыбока капаю, я нікога не пакідаю ў спакоі, пакуль праца ня выкананая. Наперадзе шмат працы. Будзем працаваць з кожным партыйцам, каб кожны голас быў пачуты. Да сёньняшняга дня гэта не атрымлівалася, а мы будзем намагацца, каб дайсьці да кожнага
— Цалкам абнавілася каманда: і старшыня новы, і намесьнікі — якіх перамен варта чакаць, што зьменіцца? Тыя кірункі, што былі, застануцца?
— Так, тое, што было напрацаванае, яно ёсьць, застанецца. Іншая справа — будзем працаваць больш эфэктыўна. Патрэбны час, зарана казаць пра кардынальныя зьмены.
— Наперадзе дзьве выбарчыя кампаніі, парлямэнцкая і прэзыдэнцкая. Ці ёсьць у вас стратэгія, як дзейнічаць? Ці будзеце праводзіць масавыя акцыі?
— Так, я гэта ўжо агучваў. Наш падыход: павінен быць адзіны кандыдат. Па-другое, гэта кандыдатура павінна вызначацца падчас адкрытых праймэрыз, у якіх ўдзельнічае шырокае грамадзтва.
Калі проста заклікаць людзей выйсьці, каб паказаць, які ў нас злачынны рэжым, і няхай нас будуць біць, але ўвесь сьвет гэта пабачыць — гэта ўжо не цікава і не актуальна
Мясцовыя выбары паказалі, што людзям цікавая альтэрнатыўнае меркаваньне, альтэрнатыўная думка. Мы выходзілі пад сьцягамі, гэта прыцягвала ўвагу, але, мне падаецца, ва ўсім павінна быць больш пазытыву. Людзі рэагуюць на пазытыў, а не на тое, што нас б’юць і перасьледуюць.
Кожная акцыя патрабуе падрыхтоўкі, і я супраць таго, каб мы заклікалі людзей на барыкады. Заклікаць людзей неабходна толькі тады, калі ўлада не вырашае праблемы, як гэта было з Дэкрэтам № 3, калі грамадзтва было гатова выходзіць, а палітычныя партыі не маглі заставацца ўбаку.
Калі проста заклікаць людзей выйсьці, каб паказаць, які ў нас злачынны рэжым, і няхай нас будуць біць, але ўвесь сьвет гэта пабачыць — гэта ўжо не цікава і не актуальна. І гэта палохае патэнцыяльных актывістаў, мае адмоўны вынік.
— Як вы зьбіраецеся супрацоўнічаць зь іншымі палітычнымі партыямі? Ці будзеце супрацоўнічаць з уладай?
— Мы ў першую чаргу будзем працаваць з правацэнтрысцкай кааліцыяй, але хацелася б, каб у адкрытых праймэрыз удзельнічалі і правыя, і левыя, і ўсе, хто зьяўляецца носьбітам дэмакратычных каштоўнасьцяў.
Прыклад Палаты прадстаўнікоў, калі туды прызначылі дзьвюх апазыцыйных дэпутатак, паказвае, што ўлада ніколі ня пойдзе на нейкія саступкі
З уладамі я ня бачу пэрспэктыў супрацоўніцтва. У некаторых выпадках давядзецца вырашаць нейкія працэдурныя пытаньні, кшталту ўнясеньня зьменаў у статут. Што тычыцца супрацоўніцтва ў сэнсе «убудоўвацца» у гэтую сыстэму, я лічу, што гэта недапушчальна.
Прыклад Палаты прадстаўнікоў, калі туды прызначылі дзьвюх апазыцыйных дэпутатак, паказвае, што ўлада ніколі ня пойдзе на нейкія саступкі, яна будзе выкарыстоўваць гэтых людзей, каб паказаць Эўразьвязу, сьвету, што ў нас нешта мяняецца ў лепшы бок.
У прынцыпе, калі б было супрацоўніцтва на роўных, калі былі б рэальныя саступкі, крокі да дэмакратыі з боку ўладаў, мы былі б гатовыя супрацоўнічаць. Але ў цяперашніх умовах — не.
— А ці будзеце вы супрацоўнічаць зь сябрам вашай партыі дэпутаткай Ганнай Канапацкай? Калі будзеце, то ў якім фармаце?
— На сёньняшні дзень гэта пытаньне адкрытае, мы ўзялі мараторый з восені 2017 году з прычыны яе розных крокаў і розных заяў. Пакуль зарана казаць, будзем ці ня будзем супрацоўнічаць і ў якім фармаце. У любым выпадку, гэта калегіяльнае рашэньне Палітрады, а не рашэньне старшыні партыі.
Даведка Свабоды:
Васіль Палякоў нарадзіўся ў 1969 годзе. Скончыў Гомельскі дзяржаўны унівэрсытэт імя Ф. Скарыны па спцыяльнасці гісторыя і асьпірантуру Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы па спэцыяльнасьці паліталёгія. Працуе каардынатарам праграм у праваабарончай арганізацыі ў Гомелі. З 2006 году — старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, з 2012 году — намесьнік старшыні партыі.