На берасьцейскай плошчы Леніна 8 ліпеня праціўнікі будоўлі акумулятарнага заводу ў Берасьцейскім раёне зладзілі футбольны матч. У гульні ўзялі ўдзел каманды «Ай помер» і «Не заводу».
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасьці.
Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем у канцы 2017 году пачала кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).
Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
27 сакавіка суд Маскоўскага раёну Берасьця адмовіў грамадзянам і грамадзкаму аб’яднаньню «Экадом» у задавальненьні пазову супраць ТАА «АйПаўэр» і Берасьцейскага аблвыканкаму.
iPower хоча спагнаць з праціўнікаў акумулятарнага заводу 1200 даляраў на адвакатаў
Пазоўнікі прасілі спыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу, пакуль ня будзе праведзена паўторнае грамадзкае абмеркаваньне актуальнай справаздачы па ацэнцы яго ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.