8 ліпеня ў Менску пачаўся XVIII зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька ў пачатку сваёй справаздачы заявіў, што прыняў рашэньне сысьці з пасады лідэра партыі.
«Гэта першы зьезд, да якога я не пісаў тэзісы. Учора я глядзеў футбол.
Сёньня я кажу не „бывайце“, а кажу „да пабачэньня“. Гэта рашэньне прыйшло ня сёньня. Я яго прыняў. У мяне запаснога аэрадрому няма, але ёсьць ідэі», — так пачаў свой выступ старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
Далей ён адзначыў, што партыя выйграла 3 стратэгічныя бітвы:
«Першая — гэта Беларусь. Першыя суткі я атрымаў за тое, што выйшаў з плякатам „Жыве Беларусь!“ Сёньня слова незалежная Беларусь паўсюль.
Другое — рынкавая эканоміка. Калі прааналізаваць апошнія дэкрэты, гэта частка нашай праграмы „Мільён новых месцаў“.
Трэцяя наша перамога — дывэрсыфікацыя зьнешнеэканамічнай дзейнасьці. Раней наша эканоміка была завязаная толькі на Расею, а цяпер на ўвесь сьвет. То бок нашы ідэі былі правільныя, жыцьцяздольныя», — падсумаваў Анатоль Лябедзька.
Анатоль Лябедзька падзякаваў усёй сваёй камандзе за адданую працу. Скончыў свой кароткі выступ ён словамі «Жыве Беларусь!».