7 ліпеня пад Сьветлагорскам зноў спрабуюць запусьціць прадпрыемства па вытворчасьці беленай цэлюлёзы. Жыхары вёскі Якімава Слабада ахрысьцілі новы завод «сьмярдзючым» — пры пусканаладачных работах увосень 2017 году навакольле накрыла смуродам. Людзі скардзіліся на шматлікія праблемы са здароўем. Пусканаладачныя работы былі спыненыя. Цяпер — новая спроба. «Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер!» — скардзяцца вяскоўцы.
«Просьба паставіцца з разуменьнем»
Перад пускам заводу Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат папрасіў «паважаных жыхароў Сьветлагорску і раёну» паставіцца з разуменьнем да магчымых часовых нязручнасьцяў. (http://www.sckk.by/ru) Дырэкцыя абяцае, што маніторынг за станам навакольнага асяродзьдзя будзе весьці санстанцыя, некалькі лябараторый, Белгідрамэт. Інфармацыя будзе разьмяшчацца на завадзкой сьвятлодыёднай дошцы ў онлайнавым рэжыме, на сайце прадпрыемства і санстанцыі.
Але людзі вераць не афіцыйным паведамленьням, а сваім органам пачуцьцяў. «Сьмярдзіць сёньня з 5.30 раніцы! Нямоцна — але гэта дзякуючы таму, што вецер! Нас зноў труцяць», — кажуць вяскоўцы.
«Як у першыя дні пасьля Чарнобылю». Як жывуць вяскоўцы каля новага цэлюлёзнага заводу
«Вецер заходні — смурод накрывае вуліцу Школьную. Паўночна-заходні падзьме — пакутуе гароднінная фабрыка»
Жыхары Якімавай Слабады праз смурод з заводу мусілі асвоіць мэтэаралягічныя навыкі. Яны распавядаюць: калі будзе заходні вецер — смурод накрые вуліцу Школьную, дзіцячы сад, школу і старую краму. Калі паўднёвы ці паўднёва-заходні — будуць пакутаваць жыхары Цэнтральнай і раёну птушкафабрыкі. Паўночны і паўночна-заходні вецер дадасьць клопату жыхарам Новай, Садовай, Кветкавай. «Сёньня вецер пераменны. Таму смурод не такі моцны. Пасьля абеду моцна сьмярдзела на вуліцы Цэнтральнай. Каля гэтай хімічнай пачвары таксама невыносны пах», — зазначае жыхарка Якімавай Слабады Людміла Іванаўна. Яна жыве на вуліцы Сонечнай. Сёньня, дзякуючы паўночна-заходняму ветру, на яе вуліцы ня надта сьмярдзіць. Вяскоўка кажа, што людзі стаміліся скардзіцца, пісаць ва ўсе інстанцыі. «Нас запэўніваюць — усё добра, і будзе яшчэ лепш, на блакітным воку кажуць», — дадала Людміла Іванаўна.
«Лавіць» мэркаптаны прыехалі з расейскай лябараторыі
Тамара Паўлаўна жыве ў Якімавай Слабадзе ад нараджэньня. Цяпер ёй 60. «Я хачу спакойна жыць і памерці ў сваёй вёсцы. Нас труцяць, а яшчэ і падманваюць», — кажа вяскоўка. Зранку з прычыны смуроду яна выклікала МНС. Але там жанчыну «супакоілі» — ідуць пусканаладачныя работы на новым заводзе, не хвалюйцеся. «Як не хвалявацца, калі нам няма чым дыхаць? Зноў сьмярдзіць гэтай сапсаванай капустай!» — абураецца пэнсіянэрка.
На пусканаладачныя працы прыехалі праводзіць маніторынг шкодных выкідаў — газаў-мэркаптанаў — прадстаўнікі расейскай лябараторыі. У новага заводу пакуль не выпрацавана мэтодыка вызначэньня канцэнтрацыі мэркаптанаў, няма адмысловага абсталяваньня. Прадстаўнікоў расейскай лябараторыі і мясцовай санстанцыі Тамара Паўлаўна сустрэла ля дзіцячага садку — там яны бралі замеры. Жанчыне ўдалося высьветліць, што пробы, узятыя з чатырох пунктаў у Якімавай Слабадзе, будуць аналізавацца ў Маскве. «Прадстаўнік маскоўскай лябараторыі сказаў нам, што мы ня можам выклікаць іх, калі будзе сьмярдзець, бо замаўляў іх працу ЦКК, а ня мы», — дадала жанчына.
На абяцаньне пусьціць на завод грамадзкасьць забыліся?
На сходзе ў вёсцы Якімава Слабава 21 чэрвеня жыхары дамовіліся разам з уладай сачыць за пусканаладачнымі работамі на заводзе. На сустрэчы прысутнічала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Галіна Філіповіч. Яна прапанавала ўключыць у склад незалежнай камісіі вяскоўцаў і прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы па маніторынгу сытуацыі з заводам.
«Відаць, забыліся на абяцаньне. Нас, прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы, назіраць за пусканаладачнымі работамі не паклікалі. Я тэлефанавала актыўным жыхарам Якімавай Слабады — іх таксама не запрашалі. Казалі ж на сходзе — пойдзем разам, паглядзім... Насамрэч — не», — зазначыла жыхарка Сьветлагорску, праваабаронца Алена Масьлюкова. Яна кажа, што сёньня найбольшы смурод, паводле вяскоўцаў — у раёне гародніннай фабрыкі.
Жыхары Сьветлагорску і Якімавай Слабады прайшлі некалькі этапаў барацьбы за сваё права дыхаць чыстым паветрам. Пасьля шэрагу стыхійных сходаў яны напісалі дзясяткі зваротаў у органы ўлады. Падавалі пазоў у суд супраць цэлюлёзнага заводу і кітайскай карпарацыі САМСE на кампэнсацыю шкоды здароўю і маёмасьці.
«Зрабілі тут даліну сьмерці», — вяскоўцы супраць цэлюлёзнага заводу пад Сьветлагорскам
Завод беленай цэлюлёзы будуе Сьветлагорскі ЦКК. Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.
У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва. Але праект быў распачаты. Летась у лістападзе запусьцілі завод у тэставым рэжыме. Потым праца была спыненая. Пазьней кітайцы зьехалі на свае навагоднія вакацыі, якія расьцягнуліся ня менш, як на месяц.