Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая заявіла аб зьняцьці сваёй кандыдатуры на выбарах старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якія адбудуцца на зьездзе 8 ліпеня, паведамляе БелаПАН.
«Больш за паўгода таму я абвясьціла пра сваё рашэньне балятавацца на пасаду старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У мяне былі ідэі і канкрэтныя захады, як дамагчыся магутнага разьвіцьця нашай палітычнай арганізацыі, павялічыць яе вагу ў палітычных працэсах у Беларусі, — піша Канапацкая ў сваёй заяве. — На працягу мінулага пэрыяду часу я правяла больш за сотню сустрэч з аднапартыйцамі. <...> Мая каманда правяла сур’ёзнае дасьледаваньне і аўдыт дзейнасьці АГП за некалькі гадоў. Вынікам гэтай працы стала выніковая справаздача, якаяю выявіла маю недаацэнку сур’ёзных праблем у Аб’яднанай грамадзянскай партыі ».
«На парадку дня нашай партыі павінна стаяць сыстэмная, структурная перазагрузка. Для яе ажыцьцяўленьня патрабуецца штодзённая карпатлівая праца на працягу некалькіх гадоў. Сумяшчэньне дэпутацкай працы ў Палаце прадстаўнікоў з рэалізацыяй маёй абноўленай праграмы рэформаў АГП не ўяўляецца магчымым», — заявіла Канапацкая.
Акрамя таго, яна вырашыла «сканцэнтраваць максымум намаганьняў на падрыхтоўцы да парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў, якія пройдуць у 2019 і 2020 гадах».
«Гэтыя важныя выбарчыя кампаніі зьяўляюцца чарговым шанцам як для АГП, так і для ўсёй нашай краіны ўстаць на шлях эканамічнага і палітычнага дынамічнага дэмакратычнага разьвіцьця. Наша партыя абавязаная максымальна поўна скарыстацца ўсімі палітычнымі магчымасьцямі будучых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў», — лічыць дэпутатка.
Канапацкая заявіла пра гатовасьць падтрымліваць новага старшыню «ў напрамку адраджэньня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, вяртаньня ёй аўтарытэту і павагі ў грамадзтве». «Час пакласьці канец бессэнсоўнаму разладу, сваркам і канфліктам. Я разьлічваю на тое, што новае кіраўніцтва АГП адновіць давер унутры арганізацыі, створыць атмасфэру палітычнага драйву і жаданьня кожнага члена партыі працаваць на нашу агульную перамогу», — напісала яна.
З 2000 году АГП узначальвае Анатоль Лябедзька. Яшчэ ў красавіку ён заяўляў, што на «99,9%» ня будзе прэтэндаваць на пасаду старшыні партыі, аднак нядаўна зьмяніў рашэньне. На выбарах балятуюцца таксама яго намесьнікі Мікалай Казлоў і Васіль Палякоў.