Грамадзянін Вялікай Брытаніі Алан Сьміт адбывае ў Віцебску двухгадовы тэрмін зьняволеньня: ён асуджаны за арганізацыю незаконнай міграцыі. Амаль за паўтара года, што ён за кратамі, кіраўніцтва калёніі «Віцьба-3» так і не забясьпечыла зьняволенаму магчымасьці камунікаваць на зразумелай мове, сьцьвярджае праваабаронца Павал Левінаў. Наступствам гэтага, паводле яго, сталі бясконцыя спагнаньні і немагчымасьць абскардзіць прэтэнзіі адміністрацыі.
Катаваньні — гэта ня толькі іголкі пад пазногці
Праваабаронца падкрэсьлівае: у адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі, падпісанымі нашай дзяржавай, усе грамадзяне на тэрыторыі Беларусі маюць права не цярпець катаваньняў і жорсткага ды бесчалавечнага абыходжаньня. Але ў дачыненьні да грамадзяніна Вялікай Брытаніі Алана Сьміта гэтая норма права парушаецца ўвесь той час, што ён пад вартай.
«Катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне — гэта не абавязкова сярэднявечныя захады, калі чалавеку заганяюць іголкі пад пазногці. Вядзецца пра маральныя і фізычныя пакуты, якія цярпіць чалавек у выніку парушэньня сваіх правоў. Што да Алана Сьміта, то парушэньняў у гэтым сэнсе безьліч. Ён, па сутнасьці, пазбаўлены права на кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя спатканьні: ягоныя сваякі за мяжой і ня могуць быць упэўненыя, што па прыезьдзе сюды такое спатканьне дазволяць. Спагнаньні ж на яго накладаюць пэрыядычна, і найперш — празь немагчымасьць камунікаваць зь непасрэдным кіраўніцтвам», — кажа праваабаронца.
Калі зьняволены размаўляе толькі па-ангельску, ён ня мае права скардзіцца
Алан Сьміт размаўляе па-ангельску і не разумее па-расейску, а супрацоўнікі калёніі замежнымі мовамі не валодаюць. Там няма ні штатнага перакладчыка, ні пісьмовых перакладаў на ангельскую мову інструкцый ці палажэньняў для зьняволеных. Інакш кажучы, ад Сміта нечага патрабуюць, а што менавіта і як гэта выканаць, патлумачыць ня могуць. Таму ён заўжды пад пагрозай спагнаньня — за ўсё што заўгодна, кажа Павал Левінаў.
Адным з апошніх пакараньняў за парушэньне ўнутранага рэжыму ўстановы стала забарона на харчовыя перадачы. У адказ на гэта 20 чэрвеня Алан Сьміт абвясьціў галадоўку. Спыніў яе ён толькі праз тыдзень — пасьля таго як у калёнію прыехалі супрацоўнікі ангельскай амбасады. І толькі пасьля гэтага візыту зьняволены змог патэлефанаваць дахаты: раней, як высьветлілася, у яго забралі тэлефонныя карткі для аўтамата.
Праз адсутнасьць перакладчыка сам Алан Сьміт ня можа паскардзіцца на сваё становішча: лісты на ангельскай мове вяртаюцца да яго без адказаў, бо ў Беларусі звароты грамадзян павінны быць складзеныя толькі на дзяржаўных мовах — або па-расейску, або па-беларуску.
Алан Сьміт стаў героем турэмных коміксаў, якія ўбачылі ў камітэце ААН
Павал Левінаў мяркуе, што ліставаньне Алана Сьміта таксама абмежаванае: праваабаронца не атрымаў з калёніі «Віцьба-3» ні адказаў ад зьняволенага, ні сваіх уласных лістоў, якія павінны былі б вярнуцца, не дайшоўшы да адрасата.
Праваабаронца мае даверанасьць на тое, каб прадстаўляць інтарэсы зьняволенага ў Камітэце па правах чалавека ААН, але сустрэцца з Аланам Сьмітам у віцебскай калёніі яму не ўдалося — у гэтым яму адмаўляе кіраўніцтва ўстановы.
Пра сытуацыю ў калёніі «Віцьба-3» Левінаў пэрыядычна інфармуе прадстаўнікоў амбасады Вялікай Брытаніі. Падчас 63-й сэсіі Камітэту ААН супраць катаваньняў ён перадаў чальцам камітэту адмысловы зборнік малюнкаў-коміксаў, зробленых вязьнямі калёніі «Віцьба-3». Коміксы прысьвечаныя парушэньням правоў у месцы зьняволеньня, фігуруе ў іх і Алан Сьміт. Зборнікі коміксаў атрымалі і ўдзельнікі афіцыйнай беларускай дэлегацыі.