Такое рашэньне прыняў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь.
Пра тое, што справа аб гібелі Аляксандра Коржыча будзе разглядацца Менскім абласным судом, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Вярхоўнага суду Юлія Ляскова. Напрыканцы мінулага тыдня стала вядома, што Сьледчы камітэт перадаў матэрыялы справы ў Генэральную пракуратуру.
Справу аб трагічнай гібелі салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча расьсьледавалі каля 9 месяцаў, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Да працэсу расьсьледаваньня ў якасьці выключэньня была дапушчаная маці нябожчыка Сьвятлана Коржыч.
У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як дзесяці асобам. Пры гэтым сам СК раней паведамляў, што цела знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай — як гэта спалучаецца з вэрсіяй пра самагубства, маці не патлумачылі. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.
Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.
Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.
Па выніках расьсьледаваньня ў справе Коржыча былі ўзятыя пад варту 10 чалавек: два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 году нараджэньня, і ягоны намесьнік, капітан 1989 году нараджэньня, — сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцьце мер, каб прадухіліць гібель Коржыча, з войска звольнілі пяць чалавек, яшчэ двое адхіленыя ад працы.
«Яны прададуць і дзяржаву, і Лукашэнку». У маці салдата Коржыча свая вэрсія сьмерці сына
Адбыўся таксама шэраг судоў за дзедаўшчыну, не зьвязаных са сьмерцю Аляксандра Коржыча. З пачатку 2018 году, паводле Генпракуратуры, 23 салдатаў тэрміновай службы асудзілі за гвалт у войску.
Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?
72-і гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў — так афіцыйна называецца вайсковая адзінка ў вайсковым гарадку Печы пад Барысавам. Вучэбны корпус у Печах — найвялікшая вайсковая фармацыя ў Беларусі. Паводле «Белорусской военной газеты», у Печах больш за 4,5 тысячы асабовага складу — цэлы пасёлак, па цывільных мерках. Тут сканцэнтравана каля 10% усіх вайскоўцаў краіны (агулам у Беларусі іх 48,9 тысячы, інфармуе БелТА).
Вучэбны цэнтар у Печах існуе з 1960 году. Раней там рыхтавалі толькі малодшых камандзіраў і спэцыялістаў, а з 2001 году — яшчэ і прапаршчыкаў.
72-і вучэбны цэнтар — гэта шэсьць спэцыялізаваных школ, кожная зь якіх лічыцца асобнай вайсковай часткай. У розных школах рыхтуюць будучых танкістаў, кіроўцаў і камандзіраў БМП, снайпэраў, спэцыялістаў радыёсувязі, начальнікаў сталовых — большасьць спэцыялістаў для беларускай арміі. Усяго там навучаюць 81 спэцыяльнасьці.
Акрамя школаў, у вучэбны цэнтар уваходзяць тры вайсковыя адзінкі, дзе салдаты праходзяць паўнавартасную службу: батальён аховы і абслугоўваньня, цэнтар тэхнічнага забесьпячэньня і батальён матэрыяльнага забесьпячэньня.