Гэта ня ўласьнік незаконнага будынка, які абваліўся, а чыноўнік.
1 лістапада 2017 году на двух непаўналетніх абрынулася бэтонная пліта, калі яны гулялі ў недабудаваным доме на Загараднай шашы, 31. Хлопчыкаў з-пад пліты дасталі супрацоўнікі МНС.
Дзеці гулялі ў недабудаваным доме ў Магілёве. На іх абрынулася бэтонная пліта
Адно дзіця загінула на месцы. Другое ў цяжкім стане было дастаўленае ў бальніцу, дзе памерла ад атрыманых траўмаў 13 лістапада. Пра здарэньне сваім бацькам паведаміў сябар заціснутых плітой хлопчыкаў.
Цяпер недабудаваны будынак разабраны, на яго месцы застаўся будаўнічы друз.
Згодна з высновамі камісійнай будаўніча-тэхнічнай экспэртызы, прычынаю абвальваньня пліты стала працяглае ўзьдзеяньне атмасфэрнай вільгаці на будаўнічыя канструкцыі.
Факт незаконнага ўзьвядзеньня дома выявіў Камітэт дзяржаўнага кантролю яшчэ ў 2010 годзе, але, паводле сьледзтва, чыноўнікі гарвыканкаму не прынялі своечасова рашэньня пра яго знос.
Як паведамляе Сьледчы камітэт, намесьніку начальніка ўпраўленьня архітэктуры і горадабудаўніцтва Магілёўскага гарвыканкаму выставілі абвінавачваньне ў службовай нядбайнасьці. Паводле сьледзтва, «выявіўшы факт самавольнага ўзьвядзеньня жылога дома», чыноўнік «самаўхіліўся ад ажыцьцяўленьня кантролю па сутнасьці пытаньня пра лёс будынка».
Чыноўнік знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд, а ягоныя дзеяньні кваліфікаваныя паводле артыкулу 428 (службовая нядбайнасьць) Крымінальнага кодэксу. Справа перададзеная пракурору для накіраваньня ў суд.
Раней у гібелі дзяцей па неасьцярожнасьці (144-ы артыкул Крымінальнага кодэксу), вінавацілі 43-гадовага жыхара Магілёва, які без адпаведнага дазволу самавольна ўзводзіў дом. Пасьля ўмяшаньня Камітэту дзяржаўнага кантролю ў 2010 годзе ён работы спыніў.
Паводле папярэдняга расьсьледаваньня, паведамляе магілёўскае абласное ўпраўленьне Сьледчага камітэту, мужчына ня мог прадбачыць гібель грамадзян з прычыны аварыйнага стану абʼекта, таму яго перасьлед спынены праз адсутнасьць складу злачынства.