Лавілі «на жыўца», аблівалі зялёнкай. 11 жыхароў Гомля судзілі за зьдзекі з геяў

У Гомлі завяршыўся суд над «бандай гамафобаў». Абвінавачаныя — 11 жыхароў абласнога цэнтру. На момант злачынстваў ім было ад 16 да 21 году. Маладыя людзі лавілі «на жыўца» ў сацыяльных сетках геяў, прапаноўвалі інтым, а пры сустрэчах білі, зьдзекаваліся, аблівалі зялёнкай.

Свае дзеяньні абвінавачаныя фіксавалі на відэа. Апроч злоснага хуліганства, сьледзства і суд інкрымінавалі маладым людзям крадзяжы, рабаўніцтва, вымаганьне, распаўсюд парнаграфіі

За злачынствы жыхары Гомля атрымалі па 1-2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на год. Пры належных паводзінах цягам году, адсутнасьці правапарушэньняў і злачынстваў яны ня будуць накіраваныя ў месцы пазбаўленьня волі.

Судовыя слуханьні былі закрытыя. Ні абвінавачаныя, ні пацярпелыя не зацікаўленыя ў розгаласе.


Афіцыйна — ня геі, а «пэўныя жыхары Гомля»

Напады на геяў адбываліся ў Гомлі ў 2016 годзе. Пра акалічнасьці крымінальнай справы афіцыйна не паведамлялася. Толькі ў студзені 2018 году стала вядома пра перадачу справы ў суд. Першапачаткова міліцыя выявіла на старонках у сацыяльных сетках удзельнікаў «банды гамафобаў» парнаграфію. Потым знайшлі і доказы зьдзекаў, абліваньня зялёнкай. Пацярпелыя ў праваахоўныя органы не зьвярталіся.

Іх знайшла міліцыя. Пацярпелі ад дзеяньняў абвінавачаных чацьвёра. Трое цяпер жывуць у Гомлі. Адзін пераехаў у Менск. Адзін з пацярпелых запатрабаваў кампэнсацыю маральнай шкоды. Суд пастанавіў спагнаць на яго карысьць 800 рублёў.

Суд Цэнтральнага раёну, Гомель. Ілюстрацыйнае фота

​З паведамленьня на сайце Вярхоўнага суду вынікае, што абвінавачаныя праз сацыяльныя сеткі прапаноўвалі «пэўным жыхарам Гомля» сустрэцца на прыпынках грамадзкага транспарту ці побач з кірмашом. Пасьля сустрэчы адводзілі ахвяр у малалюдныя месцы. «Дзейнічалі з асаблівым цынізмам, выказвалі ў бок пацярпелых дыскрэдытуючыя іх зьвесткі, якія тыя не жадалі б разгалошваць, пагражалі прымяніць гвалт», — паведамляе ВС.

Ставілі на калені, галілі, аблівалі зялёнкай

Аднаму з пацярпелых пасьля зьдзекаў і зьбіцьця абвінавачаныя пагалілі галаву і аблілі зялёнкай. Другому налілі зялёнку на рукі і прымусілі нанесьці на твар.

Прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці распавялі, што пацярпелыя пасьля перажытых зьдзекаў і суду ня хочуць розгаласу. Яны згадзіліся перадаць пытаньні пацярпелым, адзін з якіх на ўмовах ананімнасьці падзяліўся падрабязнасьцямі справы.

Максім (імя зьмененае) распавёў, што нападнікі на судзе выбачаліся перад пацярпелымі. З Максімам зламысьнікі пазнаёміліся праз «Вконтакте», дамовіліся на сустрэчу. Маладому чалавеку прапанавалі прайсьці ў кватэру. Потым на яго напалі дзесяць чалавек, пачалі зьбіваць, абшукалі заплечнік, забралі прадукты, зацягнулі ў кватэру. Білі па розных частках цела, ставілі на калені, прымушалі браць у рот ёмістасьць з лубрыкантам. Гэта здымалі на мабільны тэлефон. Маладога чалавека зацягнулі ў ванны пакой, там яго пагалілі, аблілі зялёнкай. Абвінавачаныя скралі прадукты і алькаголь.

На другога пацярпелага напалі на вуліцы. Да гэтага ён пазнаёміўся ў сацыяльнай сетцы з маладым чалавекам, які быў згодны на інтымную сустрэчу. Прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці кажуць, што малады чалавек, калі ішоў на сустрэчу з новым знаёмцам, які прадставіўся 15-гадовым падлеткам, ня меў на ўвазе інтым, а проста хацеў прагуляцца. Нападнікаў было пяць ці шэсьць. Пацярпелага білі, зьдзекаваліся, гаварылі пра яго сэксуальную арыентацыю, патрабавалі пароль і логін ад старонкі «Вконтакте». Затым зялёнкай напісалі на твары «Пэдафіл».

Ілюстрацыйнае фота.

Афіцыйна — футбольныя фанаты. Насамрэч — «барацьбіты з пэдафіламі»

У чэрвені 2016 году ў Рэчыцы былі вынесеныя прысуды 11 мясцовым жыхарам. Сцэнар сьледзства і суду быў падобны да сёлетняго гомельскага. Большасьць абвінавачаных мелі ўзрост 16-19 гадоў. Яны афіцыйна абвінавачваліся ў злосным хуліганстве і рабаўніцтве, распаўсюдзе парнаграфіі. Маладыя людзі былі пакараныя абмежаваньнем волі без накіраваньня на «хімію». Некаторыя трапілі пад амністыю. Аднаму далі чатыры гады — ён быў раней судзімы.

Неафіцыйна маладыя людзі распавядалі, што «гулялі» у «Акупай Пэдафіляй», і лавілі геяў «на жыўца».

Рух «Акупай Пэдафіляй» прыйшоў у Беларусь з Расеі. Яго «ідэолёлягам» лічыцца нэанацыст «Цясак», Максім Марцынкевіч. Актывісты «Акупай Пэдафіляй» знаёміліся з геямі ў сацыяльных сетках ад імя непаўналетніх, прапаноўвалі сустрэчы, а потым зьбівалі і чынілі зьдзек. Прыхільнікі руху знайшліся і ў Рэчыцы.

Максім Марцынкевіч у судзе, 2014 год

Прэсавая служба МУС у 2015 годзе таксама замоўчвала інфармацыю, што ахвярай абвінавачаных быў гей, якога «барацьбіты з пэдафіліяй» падазравалі ў сувязях з непаўналетнімі. Прэсавая служба паведамляла, што рэчыцкія футбольныя фанаты заманілі чалавека ў кватэру, «распранулі, зьвязалі, а цела размалявалі фашысцкай свастыкай і нецэнзурнымі словамі, пасьля чаго прымусілі бегаць па горадзе». Самі абвінавачаныя казалі, што іх ахвяра — гей, і менавіта з-за сэксуальнай арыентацыі, а таксама імавернай сувязі з непаўналетнімі яго і зьбівалі.

Групы «Вконтакте» кшталту «Акупай Пэдафіляй» даўно не абнаўляліся. Некаторыя з ранейшых актывістаў суполак кажуць, што рух «прыціснула» міліцыя.