Рымскія манэты і піўны кубак. 10 цікавых экспанатаў з выставы скарбаў у Горадні. ФОТА

Трыццаць кіляграмаў срэбра і золата ўпершыню можна ўбачыць у Горадзенскім гісторыка-археалягічным музэі. Гэта скарбы, знойдзеныя ў Горадзенскай вобласьці і Менску. Кошт экспазыцыі ня вызначаны, але адмыслоўцы кажуць, што за яе можна набыць не адну трохпакаёўку ў Менску.

Некаторым скарбам больш за паўтары тысячы гадоў, іншыя хавалі ў горадзенскім гета падчас Другой усясьветнай вайны.

1. Рымскія манэты ІІ стагодзьдзя

Антычныя дынарыі з Шчучынскага раёну і ланцуг з антычных манэтаў IV стагодзьдзя, знойдзены ў Горадзенскім раёне ў 1959 годзе

Антычны скарб знайшлі ў вёсцы Варанкі Шчучынскага раёну ў 2010 годзе. Схаваны ён быў, верагодна, у V стагодзьдзі. Утрымлівае 111 дынарыяў ІІ стагодзьдзя нашай эры і ўсходнегерманскую фібулу IV–V стагодзьдзяў. Такія скарбы — вялікая рэдкасьць, бо ў тыя часы на нашых землях яшчэ не карысталіся грашыма. Рымскія манэты і наогул срэбра зьберагалі для гандлёвых спраў з паўднёвымі суседзямі — германцамі і Рымам.

2. Узбраеньне коннага воіна ХІІІ стагодзьдзя

Школьнікі знайшлі скарб на беразе Нёмана ў межах Горадні ў 1988 годзе. Гэта поўны камплект сярэднявечнага ўзбраеньня і рыштунку, які быў схаваны воінам або пахаваны разам зь ім. У ягоны склад уваходзяць аднаручны меч, баявая сякера, наканечнік дзіды, стажковы шлем, фрагмэнты кальчугі, спражкі, шпоры, цуглі, стрэмя. Парэшткаў воіна не знайшлі.

Рыштунак сярэднявечнага воіна

3. Сярпы і гаршчкі ХІІ стагодзьдзя

Сашнікі і гаршчкі ХІІ стагодзьдзя, справа — літоўскія грыўні ў выглядзе доўгіх палачак

​Скарб знайшлі ў 1972 годзе падчас археалягічных раскопак недалёка ад Калоскай царквы пад кіраўніцтвам Яраслава Зьвяругі. Ён быў схаваны ў сьцяне паўзямлянкі. Хоць складаецца ён усяго з чатырох сашнікоў, трох сярпоў і двух раструшчаных кругавых гаршкоў, але быў каштоўнасьцю для свайго небагатага ўладальніка.

4. Літоўскія грыўні ХІІІ стагодзьдзя

Селянін зь вёскі Рыбішкі каля Вільні знайшоў гэты скарб у 1930 годзе, аручы зямлю. У меднай скрыні было 400–500 грыўняў ХІІІ стагодзьдзя, высокай пробы срэбра. Агульная вага — каля 40 кіляграмаў.

5. Піўны кубак 1693 году

Піўны кубак 1693 году

Скарб знайшлі ў 1988 годзе ў Менску на вуліцы Гарадзкі вал, калі экскаватар рыў траншэю. Быў ён у вялікай драўлянай скрыні. Больш за 13 кіляграмаў срэбра схаваў невядома хто ў часы рэвалюцыйнай завірухі 1917–1918 гадоў.

Скарб з вуліцы Гарадзкі вал у Менску

Скарб налічваў больш за 500 прадметаў: георгіеўскія крыжы, мэдалі «За храбрость» і «За усердие», падсьвечнікі, піўны кубак 1693 году, сталовае срэбра маскоўскіх, пецярбурскіх і кітайскіх майстроў, шкатулка XVIII стагодзьдзя ў выглядзе карэты, манэты эўрапейскіх дзяржаў, Японіі, Кітаю, вострава Маўрыкій. Гарадзенцам скарб пазычылі з Нацыянальнага гістарычнага музэю Беларусі ў Менску на час выставы.

6. Срэбныя кубкі, аздобленыя манэтамі

Рэчы ад’ютанта Тадэвуша Касьцюшкі Юльяна Урсын-Нямцэвіча

Скарб знайшлі ў 1989 годзе ў вёсцы Мінчыкі Бераставіцкага раёну. Схаваны ён быў у 1939 годзе. Складаецца з 68 асабістых рэчаў ад’ютанта, гісторыка і пісьменьніка Тадэвуша Касьцюшкі Юльяна Урсын-Нямцэвіча і ягоных сваякоў. У яго ўваходзяць гетманская булава пачатку XVII стагодзьдзя, шыкоўныя срэбраныя кубкі, аздобленыя манэтамі і каралямі, туалетны збан з ванначкай, сталовае срэбра, манэты ЗША і Італіі 1920-х гадоў.

7. Талеркі з партрэтамі францускіх каралёў

Талеркі з партрэтамі францускіх каралёў

Скарб знайшлі ў 1956 годзе ў Горадні на гарышчы дома на Сацыялістычнай вуліцы. Схаваны ён быў прыкладна ў 1940 годзе. Прадметы належалі сям’і патомных дваран Венжык-Відаўскіх. У скарбе няма срэбра і золата, але затое безьліч дакумэнтаў і фатаздымкаў горадзенскай сям’і. Усё жыцьцё як на далоні. Архіў складаюць дакумэнты па сялянскім пытаньні ХІХ стагодзьдзя, загад расейскай імпэратрыцы Лізаветы на пэргамэнце 1746 году, сямейныя дакумэнты ХІХ — ХХ стагодзьдзя, фатаздымкі, талеркі з выявамі францускіх каралёў, прадметы побыту.

Дакумэнты і фатаздымкі сям’і Венжык-Відаўскіх

8. Габрэйскі скарб палкавога музыканта Ісаака Капіцы

Рэчавы скарб Ісаака Капіцы

Знайшлі яго ў 1993 годзе ў Горадні на гарышчы дома на Вялікай Траецкай вуліцы падчас рэстаўрацыі. Схаваны быў пасьля 1938 году. Належаў Ісааку Капіцу з габрэйскай сям’і, палкавому музыканту, які прайшоў усю Першую ўсясьветную вайну. Скарб складаецца зь юдэйскіх культавых прадметаў, фатаздымкаў, рэчаў побыту.

Культавыя юдэйскія прадметы Ісаака Капіцы

9. Габрэйскія заручальныя пярсьцёнкі

Скарб з вуліцы Антонава ў Горадні

Скарб знайшлі ў лютым 2016 году, калі ішла рэканструкцыя будынка на вуліцы Антонава ў Горадні. Схаваны ён быў у 1941–1943 гадах у гліняным начыньні. Уключае 13 залатых манэт Расейскай Імпэрыі канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя, чатыры залатыя пярсьцёнкі, у тым ліку заручальныя з імёнамі ўладальнікаў «Efroyem» и «Rebekka». Скарб ацанілі прыкладна ў 5 тысяч даляраў, чвэрць сумы атрымалі будаўнікі, што яго знайшлі.

10. Золата і зубныя каронкі з горадзенскага гета

Залаты габрэйскі скарб

Сёлета ў красавіку пры рэканструкцыі дома на 2-й Працоўнай вуліцы ў Горадні будаўнік знайшоў гэты скарб. Схаваны ён быў пасьля 1941 году ў скрынцы з-пад тытуню. Уключае залатыя ювэлірныя вырабы пэрыяду Расейскай Імпэрыі і ІІ Рэчы Паспалітай: 11 пярсьцёнкаў, 2 бранзалеты, 2 пласьціны, 9 зьліткаў, 2 падвескі, завушніцу, памятны мэдаль Каралеўства Прусія, таксама 23 манэты XVIII — пачатку XX стагодзьдзяў Аўстра-Вугорскай Імпэрыі, Нідэрляндаў, Каралеўства Вугоршчына, Расейскай Імпэрыі, ІІ Рэчы Паспалітай, зубныя каронкі. Кошт скарбу ацанілі амаль у 20 тысяч даляраў.

Выстава «Хтосьці хавае, хтосьці знаходзіць» будзе працаваць да восені.

Яны вяртаюцца. Якую Беларусь шукаюць габрэйскія турысты?

«Цьвёрды як сталь. Чысты як золата». Каму належаў іржавы пярсьцёнак у залатым скарбе з Горадні?

З Інстытуту гісторыі зьнік унікальны скарб манэтаў Х стагодзьдзя. Калі і куды — загадка

Мінкульт ня здолеў спыніць спрэчную рэканструкцыю. Як уратаваць Стары замак у Горадні