Эўразьвяз на паўгода падоўжыў санкцыі супраць Расеі

Ангела Мэркель і Эманюэль Макрон

Згодна з рашэньнем Рады Эўропы Эўразьвяз падоўжыў эканамічныя санкцыі супраць Расеі на паўгода. Такім чынам, тэрмін дзеяньня санкцыяў падоўжаны да 31 студзеня 2019.

У заяве ЭЗ на гэтую тэму гаворыцца, што рашэньне было прынятае пасьля ацэнкі прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і канцлерам ФРГ Ангелай Мэркель у Эўрапейскай Радзе 28-29 чэрвеня 2018 году стану ажыцьцяўленьня Менскіх пагадненьняў, зь якімі зьвязаныя санкцыі.

Раней Рада Эўрапейскага Зьвязу таксама працягнула да 23 чэрвеня 2019 году санкцыі, зьвязаныя з анэксіяй Крымскага паўвострава Расеяй.

У заяве ад імя зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ падкрэсьліваецца, што Эўразьвяз лічыць далучэньне Крыму і Севастопаля да Расеі незаконным і па-ранейшаму выступае за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

Эўрапейскія санкцыі былі ўведзеныя ў 2014 годзе, калі ў сакавіку 2014-га Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым. Міжнародныя арганізацыі асудзілі дзеяньні Расеі, краіны Захаду ўвялі супраць яе эканамічныя санкцыі. Крэмль адмаўляе анэксію паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».